Рэгіянальныя лідары апазіцыі далучыліся да эфектнага пратэставага руху моладзі і нават узначалілі яго.
Пра гэта можна меркаваць па паведамленнях з розных гарадоў. Мясцовыя кіраўнікі Партыі БНФ, Руху за Свабоду, Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Сацыял-дэмакратаў былі затрыманы ў Брэсце, Гродне, Гомелі. Журналісты нацыянальных і рэгіянальных СМІ былі затрыманы ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Віцебску.
У цэлым у народных гуляннях на цэнтральных плошчах рэгіянальных гарадоў узялі ўдзел у сярэднім у 2—10 разоў больш людзей, чым тыдзень таму.
Пакуль акцыі не выйшлі за кола карыстальнікаў сацыяльных сетак. Ні ў адным з рэгіянальных гарадоў колькасць удзельнікаў не перавысіла тысячы чалавек.
Акцыі зачапілі ў роўнай ступені захад і ўсход краіны.
Найбольшая колькасць пратэстоўцаў сабралася на плошчах у Мінску, Брэсце, Гродне, Магілёве, Бабруйску.
Геаграфія народных гулянняў 15 чэрвеня стала самай шырокай за апошнія гады.
Людзі адгукнуліся на заклік збірацца на цэнтральных плошчах гарадоў кожную сераду а 19-й гадзіне, пакуль у краіне не адбудуцца палітычныя і эканамічныя перамены.