Мемарыяльны камень з надпісам «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» перанесены з Цэнтральнай плошчы Маладзечна.

Пра дэмантаж помніка паведамляў 14 красавіка сайт Kraj.by. Ён знаходзіўся на Цэнтральнай плошчы Маладзечна паміж гатэлем і гандлёва-эканамічным каледжам і быў дэмантаваны ў сувязі з планамі пабудовы на гэтым месцы да «Дажынак» фантана са скульптурай маладых людзей, якія шукаюць папараць-кветку.

Цяпер мемарыяльны камень усталяваны каля гарадскога парка Перамогі на рагу вуліц Вялікі Гасцінец і Машэрава (на месцы, дзе да гэтага стаяла «Бярозавая хатка»).

Як паведамляе сайт svaboda.org, камень з надпісам «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» быў усталяваны ў 1990 годзе, у той час, калі мэрам Маладзечна быў Генадзь Карпенка. Паводле словаў былога школьнага настаўніка гісторыі, у той час дэпутата гарадскога савета Леаніда Цімохіна, помнік з’явіўся дзякуючы ініцыятыве чатырох чалавек. Праект быў зроблены архітэктарам Юрыем Белановічам, мастацкае афармленне — Святаславам Паліводам, дырэктар завода жалезабетонных вырабаў будтрэста № 23 Мікалай Івашкевіч адказваў за тэхнічную частку, сам Леанід Цімохін — за арганізатарскую.

Акрамя дошкі з надпісам на камні быў усталяваны крыж Еўфрасінні Полацкай. Падчас урачыстага адкрыцця камень быў асвечаны праваслаўным, каталіцкім і уніяцкім святарамі. Паводле словаў Леаніда Цімохіна, ля каменя была праведзена першая ў гісторыі Беларусі сумесная служба святароў розных канфесій. Помнік стаў адным з любімых месцаў маладзечанскіх маладых, куды яны ўскладалі кветкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?