Камітэт дзяржкантролю пры праверцы ўстанавіў, што ў 2010 годзе ў Гомельскай вобласці з 261 зарэгістраванага суб’екта аграэкатурызму паслугі аказвалі толькі 52 (19,9%).

Як паведамілі БелаПАН у КДК па Гомельскай вобласці, пры наяўнасці зарэгістраваных суб’ектаў аграэкатурызму ва ўсіх раёнах вобласці ў пяці раёнах дзейнасць у сферы аграэкатурызму не ажыццяўлялася. У 16 раёнах вобласці працэнт суб’ектаў аграэкатурызму, якія аказваюць паслугі, ад зарэгістраваных складае ад 5,6% да 60%.

Так, у Жлобінскім раёне зарэгістравана 18 суб’ектаў аграэкатурызму, а дзейнасць у 2010 годзе ажыццяўляў толькі адзін суб’ект.

Сярэдняя працягласць знаходжання турыстаў у аграэкасядзібах складае 2,5 дні і ўяўляе сабой у асноўным «тур выхаднога дня». Аграэкасядзібы недастаткова забяспечаныя анімацыйнымі, забаўляльнымі праграмамі, якія дазваляюць разнастаіць адпачынак турыстаў, мяркуюць у КДК.

У Гомельскай вобласці ў 2010 годзе ў параўнанні з 2006 годам не дасягнута чаканае павелічэнне прыбытку ад аказання турыстычных паслуг. Прыбытак ад аказання турыстычных паслуг за 2010 год склаў 689 млн. рублёў, што ў 2,7 разу вышэй у параўнанні з 2006 годам пры плане 2,8 разу. Выручка ад арганізацыі турыстычных паслуг за 2010 год склала больш 41 млрд. рублёў, што ў 4,5 вышэйшыя ў параўнанні з 2006 годам пры плане 4,9 разу.

Экспарт турыстычных паслуг склаў 8,7 млн. долараў, тэмп росту — 107,8% пры плане 126%, рост платных турысцка-экскурсійных паслуг склаў 90,3% у супастаўных цэнах пры плане 135%.

У 2010 годзе не выкананы паказчык па тэмпе росту аб’ёмаў імпарту турыстычных паслуг, які склаў 121,4% (5,1 млн. долараў) пры плане не больш як 116%.

Вынікі праверкі разгледжаныя на нарадзе ў старшыні КДК вобласці з удзелам службовых асоб аблвыканкама і райвыканкама. Па выніках разгляду Гомельскаму аблвыканкаму, райвыканкамам прапанавана прыняць меры, якія забяспечвалі б выкананне дзяржпраграмы развіцця турызму ў Беларусі на 2011–2015 гады, актывізаваць працу па развіцці і прасоўванні турыстычных паслуг і прыцягненні замежных турыстаў, а таксама разгледзець пытанне аб прыцягненні да адказнасці вінаватых службовых асоб за невыкананне запланаваных мерапрыемстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?