Скандал вакол карыкатураў з выяваю Мухамада пракамэнтаваў і афіцыйны беларускі лідэр. Маўляў, іхні перадрук сьведчыць, што камусьці патрэбна эскаляцыя напружанасьці між цывілізацыямі. Кантэкст такі, што няма сумневу — гэта патрэбна камусьці на Захадзе.

Ну а прапаганда — тая без эківокаў даводзіць: карыкатурную вайну справакаваў Вашыгтон. Каб падрыхтаваць глебу для сапраўднай вайны супраць Ірану.

То бок, алоўкі дацкім мастакам тачыў нейкі ўвішны ЦРУшнік. А потым амэрыканскія агенты яшчэ й падбілі мноства рэдактараў з розных краінаў растыражаваць тую брыдоту. І пайшло-паехала... Усё элемэнтарна, Уотсан!

Кансьпіралёгія, або тэорыя змовы, стала звыклым інструмэнтам беларускай прапаганды. Гэта ўнівэрсальны шаблён, магутны сродак маніпуляцыі масавай сьвядомасьцю. Апазыцыянэры — найміты імпэрыялізму, каляровыя рэвалюцыі — сцэнар ЦРУ. У пасольствах спрэс шпегі, а па пэрымэтры дзяржаўнай мяжы вераломныя суседзі дрэсіруюць баевікоў.

І ўжо ня трэба апраўдвацца за непавагу да дэмакратыі і правоў чалавека. У варожым атачэньні інтэлігенцкіх антымоніяў не разводзяць!

Маса ж, на жаль, лёгка паддаецца спакусе простых тлумачэньняў. Па-першае, адбіваецца цяжкая спадчына савецкай прапаганды. Па-другое, мільёны суайчыньнікаў увогуле не атрымліваюць незалежнай інфармацыі.

Пабыўшы пару дзён у вёсцы без Інтэрнэту, пачуваесься дзікуном. Дык што казаць пра тых, хто не адрозьнівае Інтэрнэт ад інтэрнату?

Усе пачулі нядаўна праз тэлевізію, што літоўцы наладзілі агнявую падрыхтоўку рэвалюцыйных баевікоў. І мо два адсоткі даведаліся празь незалежныя сайты, што насамрэч гаворка ідзе пра электронны трэнажор у вайсковай частцы, на якім далі «пастраляць» нават беларускім дыпляматам.

Два адсоткі пасьмяяліся. Астатнія ўражваюць сацыёлягаў прафэсара Манаева прылічэньнем Літвы, Польшчы ды Латвіі да ліку варожых краінаў. Сон розуму спараджае пачвараў!

Зрэшты, у палітыцы насамрэч ёсьць патаемныя спружыны. Што да «карыкатурнай вайны», то за ейнай эскаляцыяй экспэрты схільныя бачыць найперш інтарэсы Ірану, Сырыі ды палестынскага «Хамасу», да якіх у міжнароднай супольнасьці ёсьць сапраўды сур’ёзныя пытаньні. «Маляваны» скандал адцягвае ўвагу ад іншых рэчаў — напрыклад, атамных амбіцыяў Тэгерану. Ці апраўдвае іх.

Дарэчы, пра гэтыя імаверныя матывы калізіі шмат гавораць нават расейскія мэдыі — пры ўсіх гульнях Масквы з ісламскім сьветам.

Але менскія кансьпіролягі ўмеюць думаць толькі ў адзін бок. «Вораг майго ворага — мой сябар» — вось іхны прынцып. Пры патрэбе яны гатовыя выглядаць большымі магамэтанамі, чым як аятолы.

Кансьпіралёгія (ад анг. conspiracy)— сакрэтнасьць, змова. Сыстэма поглядаў, плынь у гісторыі ды паліталёгіі, што тлумачыць тыя або іншыя зьявы як вынік змоваў патаемных сілаў (напрыклад патаемных таварыстваў, спэцслужбаў, іншаплянэтнікаў, акультных зьяваў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0