Сітуацыя, калі падчас акцыі «Стоп-бензін» людзі рвалі беларускія рублі і кідалі іх як смецце на асфальт, прымусіла задумацца пра вартасць нацыянальнай валюты.

Што гэта за грошы, якія выкідаюць, не задумваючыся?..
«Наша Ніва» параўноўвае вартасць беларускіх рублёў і іншых валют, якія выкарыстоўваюцца ў нашым рэгіёне.

Выраз «самыя танныя грошы», вынесены ў загаловак не зусім карэктныя. Вядома ж, грошы — гэта эквівалент чагосьці. І ад таго, што на кожнай беларускай банкноце cкрэсліць адзін нуль, сітуацыя кардынальна не зменіцца.

Тым не менш, для параўнання ўзятыя найбольшыя купюры кожнай нацыянальнай валюты з краін-суседак Беларусі — Польшча, Літва, Латвія, Расія, Украіна, — а таксама еўра і даляры. Як бачна з табліцы, большасць дзяржаў абмяжоўваюцца пяцісоценнымі купюрамі.

Найбольшая вартасць у латвійскіх грошай. Там сярэдні заробак нават крыху меншы за найбольшую купюру!
Далей ідуць еўра і — з вялікім адставаннем — расійскія рублі.

Цікавая сітуацыя з далярам. Апроч звыклай банкноты $100 таксама існуюць дзейсныя банкноты наміналам у $500, $1000, $5000 і нават $10 000. Іх свабодны зварот быў спынены ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, але пры жаданні імі можна расплаціцца дагэтуль.

Такое моцнае адставанне беларускага рубля (у 50 разоў ад Латвіі і нават у тры разы ад Украіны) — нагода задумацца аб увядзенні у зварот новай банкноты.
Напрыклад, вартасцю 500 тысяч рублёў. Гэта б спрасціла некаторыя разлікі, якія зараз застаюцца нязручнымі. Што казаць, калі сярэдні заробак у краіне выдаецца як мінімум 15 паперкамі, а кошт квадратнага метра жылля ў Мінску — мінімум 40–50 паперак.

Па каментар «Наша Ніва» звярнулася да кіраўніка ўпраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоля Драздова.

«У бліжэйшы час ствараць новыя банкноты Нацбанк не збіраецца.
Калі такая інфармацыя з’явіцца, мы паведамім пра яе загадзя», — паведаміў кіраўнік упраўлення Анатоль Драздоў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?