Купанне ды пляжы — мізэрная частка цікавостак Крыма. Піша Сяргей Харэўскі.

 Тут проста адчуць сябе ханам, фота Веры Дзядок.

Тут проста адчуць сябе ханам, фота Веры Дзядок.

 Мёртвы горад Чуфут-Кале, фота Веры Дзядок.

Мёртвы горад Чуфут-Кале, фота Веры Дзядок.

 Старажытныя будынкі Бахчысарая, фота Веры Дзядок.

Старажытныя будынкі Бахчысарая, фота Веры Дзядок.

 Успенскі манастыр – прытулак іканапісцаў “руськай” школы, фота Веры Дзядок.

Успенскі манастыр – прытулак іканапісцаў “руськай” школы, фота Веры Дзядок.

Сёлета з’ездзіў у Крым напярэдадні купальнага сезона і, як аказалася, валютнага крызісу. Купанне ды пляжы насамрэч — мізэрная частка цікавостак таго дзіўнага краю. Для матрацных турыстаў застаюцца невядомымі горад Стары Крым (старажытны Салхат); старасвецкія кварталы Еўпаторыі, былога Гелзёва і Феадосіі, колішняй Кафы; закінутыя мёртвыя гарады Мангуп і Эскі-Кермен у гарах; ваколіцы Бахчысарая.

Татарскі Крым адраджаецца. А літаральна гадоў дваццаць таму ў гэта мала хто верыў... Хоць багата чаго ўжо не вернеш ніколі. Як і ў Беларусі.

Азан — пяць разоў на дзень

Бахчысарай у перакладзе азначае — Палац у садзе. Стары горад, што месціцца між гораў, патанае ў садах. Тут расце багата ўсяго — ад міндаля да персікаў. Пасля першага намазу, перад світанкам, татары пачынаюць працу ў дамах, гародах і садах. На малітву будзіць азан — заклік з мінарэтаў.

Слова «мінарэт» аднолькава гучыць на ўсіх еўрапейскіх мовах, а па-арабску азначае «маяк». Стромыя і вострыя, як алоўкі, яны і служаць маякамі: нагадваюць, дзе знаходзішся. Асабліва калі яшчэ да ўзыходу сонца з іх балконаў-шэрэфэ гучыць заклік да малітвы. Жывы чалавечы голас замест металічнага бомкання. І так пяць разоў на дзень. Бадзёрыць! Што праўда, усё часцей гэта толькі «фанера» з рэпрадуктара.

Гатэльнае пытанне

У Бахчысараі я жыў у гатэлі «Мераба», якім кіруе мой даўні сябар з Варшавы. Тут прымалі беларусаў не раз. Тэрыторыя гатэля належыць грамадскай арганізацыі, што займаецца адраджэннем тамтэйшых традыцыйных рамёстваў і народнага мастацтва. Тут ёсць сапраўдныя ганчарныя, ювелірныя, ткацкія майстэрні ў старасвецкіх дамах. У іх можна вольна заходзіць, сачыць за працаю разьбяроў ці чаканшчыкаў, нешта выбраць сабе, нешта набыць у падарунак.

Праца ў цэнтры сканчаецца позна, таму штодня, апроч мусульманскае пятніцы, тут можна назіраць за паўсядзённасцю тамтэйшых людзей. Нехта доіць карову, нехта корпаецца ў гародчыку, недзе сякуць дровы, чуваць перабрэх сабак, крык пеўняў.

А ў тым гатэлі — зусім варшаўскі камфорт: навюткая мэбля, прасторная душавая, wi-fi, спадарожнікавае TV. А з лоджыі — шыкоўны выгляд на старажытны Ханскі палац пасярод садоў.

Тут з тузін гатэлікаў і гасцявых дамоў. Бахчысарай вабіць аматараў сівое даўніны, пешых паходаў па гарах ды простага, амаль вясковага жыцця тубыльцаў.

Ханскі маўзалей і Успенскі манастыр

Апроч Ханскага палаца, апетага паэтамі, ад Адама Міцкевіча да Людмілы Рублеўскай, мячэтаў ды старых кварталаў, тут ёсць і старажытны Успенскі манастыр VII ст. у скалах. Па дарозе да яго можна ўбачыць адрэстаўраваны маўзалей (дзюрбе) першых крымскіх ханаў — Хаджы-Даўлет-Гірэя і яго сына Менглі-Гірэя.

Маўзалей пабудаваны аж у 1501 г. Побач з ім — сярэднявечны будынак пад чырвонай дахоўкаю; гэта былое медрэсе — цяпер Вышэйшая мусульманская Духоўная школа.

За ім пачынаецца горная дарога праз лес, да манастыра. Жыццё ва Успенскім, дзе хаваліся ад іканаборцаў шанавальнікі абразоў і мастакі-«багамазы», было ціхім... Тут (як і ў Охрыдзе, што на Балканах) зберагалася мастацтва ўсходніх абразоў «руськае іконы». Але несціханы прыбой жыцця не дае спакою. Адусюль едуць паломнікі. Тое, што збераглося ў часы ганенняў і занядбання, сёння ўсё болей становіцца турыстычнай прынадай. Вакол манастыра разбудаваліся гасцявыя дамы і крамы з сувенірным хлудам. Ёсць на што паглядзець... Альбо проста адпачыць у лясных шатах пад гарою, ля святое крыніцы.

Ханы-суайчыннікі

Яшчэ вышэй за Успенскім манастыром знаходзіцца месца паломніцтва мусульманаў — святы калодзеж пры старажытных могілках праведных дэрвішаў. А яшчэ вышэй, праз цясніну, на самай вышыні ляжыць мёртвы горад Чуфут-Кале, колішняя рэзідэнцыя першых ханаў Крыма з роду Гірэяў, чый лёс быў беспасрэдна звязаны з Беларуссю. З паходу Вітаўта на Крым у 1397 г. адсюль былі вывезеныя сотні караімскіх і татарска-крымскіх сем’яў, якія пасяліліся пераважна ў Беларусі. Яны складалі гарнізоны паблізу нямецкіх межаў. Сярод іх і бацька хана Крыма Хаджы-Гірэя, Гіяс-ад-Дын, які памёр у Беларусі. Дый сам Хаджы-Гірэй нарадзіўся ўжо ў Беларусі, імаверна ў Лідзе. Яго родны дзядзька Дэўлет-Бірда (кіраваў Крымам у 1426—1429 гг.) таксама знаходзіўся са сваёй сям’ёй у нашым краі і пры падтрымцы Вітаўта ў 1426 г. захапіў крымскі пасад.

І гэта не адзіны выпадак, калі вялікі князь літоўскі саджаў патрэбнага яму хана на Крым. Як сведчыць летапіс, князь Казімір Ягайлавіч «па іх просьбе (крымскіх беяў)... цара Азі-Гірэя з вялікім гонарам у арду Перакопскую на царства паслаў, і паслаў з ім... маршалка земскага Радзівіла, і Радзівіл... імем вялікага князя Казіміра пасадзіў яго на царства Перакопскае». Самога Хаджы-Гірэя, праўдападобна, абвесцілі ханам яшчэ ў нас, у Лідзе...

Чуфут-Кале — мініяцюрны Ерусалім

Чуфут-Кале, што месціцца над цяснінаю, на краі Бахчысарая, сёння падобны да мініяцюрнага Ерусаліма. Тут захаваліся дзясяткі сярэднявечных дамоў, колісь непрыступныя ўмацаванні, маўзалеі і дзве караімскія сінагогі — кенасы. Тутсама, у доме караімскага асветніка, знанага арыенталіста і гебраіста ХІХ ст. Фірковіча, сёння культурны цэнтр караімаў. Ён адчынены толькі летам, у турыстычны сезон, бо зазвычай тут, у мёртвым горадзе Чуфут-Кале, ніхто не жыве.

А колісь недзе тут была суровая вязніца, у якой сядзелі ў няволі князь Астрожскі, ваявода Патоцкі, пасол Вялікага княства Лёз, дзясяткі іншых важных паноў-вязняў з Беларусі, Польшчы, Масковіі. «Выбрацца з турмы ў Чуфут-Кале немагчыма, хіба што чалавека з турмы ўзнясуць. Да такой ступені жахлівая гэтая турма», — пісаў у сваіх успамінах турэцкі падарожнік Эўлія Чалебі ў 1666 г.

У пагодны дзень з вышыні Чуфут-Кале, што пануе над Бахчысараем, відаць і ззянне блакітнага мора. Адсюль да ўзбярэжжа ўсяго 18—20 км, і туды ездзяць маршруткі, аўтобусы, папуткі. Урэшце, можна ўзяць і ровары напракат у гатэлі. Дзіва, што тут засталіся куткі, куды не дабраліся аматары пляжнага фастфуду. Дзіва, што тут ёсць куткі, цудам адроджаныя пасля ўсяго, што тут рабілася апошнія сто гадоў. Дзіва, што тут яшчэ можна адчуць сябе адкрывальнікам.

Гарбата, сабраная рукамі

Ну і, вядома ж, тут заўжды добра накормяць. У кавярнях «Аліе» або ў «Мусафір», што ў самым цэнтры, ці «Караван-Сарай», што па дарозе да Чуфут-Кале, ці ў любых іншых можна паласавацца сармой — маленькімі галубцамі ў вінаградным лісці, ці чабурэкамі проста з агню. Тутэйшая кухня ўвабрала ў сябе традыцыі ад Міжземнамор’я да Узбекістана. Тут яшчэ жывуць паняткі шчырай гасціннасці.

Крымцы дастаюць для гасцей зялёную гарбату ад сваіх сваякоў ва Узбекістане. Таму хатняя зялёная гарбата, сабраная рукамі, прасушаная і падвэнджаная, запраўленая горнымі крымскімі зёлкамі, — тут самы адпаведны напой. Хоць і каву ў Бахчысараі паўсюль робяць выдатна!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?