З пачатку гэтага года цэны на бензін у Беларусі падвышаліся чатыры разы. У выніку цяпер самым дарагім стаў бензін А95 — 4500 рублёў за літр — і дызельнае паліва па 4450 рублёў за літр. Рост цэнаў на бензін адбіўся на кошце аўтобусных тураў па Беларусі, падчас разліку якіх 70% прыпадае на арэнду транспарту і паліўны збор.

У параўнанні з мінулым годам цэны экскурсійных аўтобусных тураў унутры краіны выраслі на 30–40%. 70% кошту экскурсійнага тура складаюць транспартныя паслугі — гэта акрамя працы экскурсавода, харчавання і ўваходных білетаў у музеі, калі іх наведванне прадугледжанае праграмай. «Безумоўна, сёння перавозчыкі падымаюць цэны, — каментуе сітуацыю дырэктар кампаніі „Виаполь“ Галіна Патаева. — Спачатку кошт паслуг усталёўвалася па такой схеме: старую цану пераводзілі ў даляры, а затым пералічвалі па новым курсе. Але зыходзячы з таго, што ў турызме крызіс і таму аўтобусы мала задзейнічаныя, уладальнікі аўтатранспарту ідуць нам насустрач, і павышэнне цэнаў адбылося толькі на 30%. Тым не менш у нас да канца чэрвеня на зборныя двухдзённыя экскурсіі і абласныя туры дзейнічаюць старыя цэны — 250 тысяч на чалавека, куды ўваходзіць праезд, начлег у гатэлі 3*, два абеды і адзін сняданак, а таксама ўсе ўваходныя білеты ў музеі.

З першага ліпеня мы ўсталёўваем новую цану — цяпер двухдзённы тур будзе каштаваць 325 тысяч рублёў.
Для сямейных параў, якія вандруюць удваіх, такая цана за два дні ў Беларусі можа здацца занадта высокай, асабліва з улікам таго, што заробкі ў многіх засталіся на ранейшым узроўні».

«У нашай кампаніі ёсць свой аўтапарк, але праз вялікую колькасць прапановаў мы арандуем аўтобусы і ў прыватных кампаній, — патлумачыла начальнік бюро ўязнога і ўнутранага турызму кампаніі „ТОП-ТУРМарына Міхайлоўская. — Перавозчыкі пралічваюць прыблізны кошт паслуг пад нашыя праграмы. У сярэднім іх цэны павялічыліся на 40–50% — спачатку яны змяняліся праз адсутнасць выразнага курсу, затым працягнулі расці ў сувязі з павышэннем цэнаў на паліва. Дасланы за два тыдні кошт можа змяніцца ў дзень паездкі, бо перавозчыкі таксама не хочуць працаваць у мінус. У такім выпадку мы пакрываем выдаткі за кошт свайго прыбытку, бо з турыста дадатковых грошай ужо не возьмеш. Таму цану тура даводзіцца пералічваць кожны раз перад новай паездкай. Адпаведна, выраслі цэны і на самі экскурсійныя праграмы. Самая простая, стандартная 3-гадзінная аглядная экскурсія па Мінску без уваходных білетаў раней каштавала 30 тысячаў на чалавека,

цяпер паглядзець сталіцу можна за 45 тысяч рублёў».

Паліва, безумоўна, галоўная, але не адзіная прычына падвышэння цэн на аўтобусныя туры — даплачваць даводзіцца і за пражыванне, і за харчаванне. «За апошні месяц гатэлі разы тры падымалі цэны, — расказала Галіна Патаева. — Калі раней мы ведалі цэны пражывання на памяць, то цяпер іх не варта запамінаць, таму што праз тыдзень яны, хутчэй за ўсё, зменіцца. Некаторыя гатэлі выстаўляюць нам цану ў далярах, а мы разлічваемся па курсе Нацбанка. І на дадзены момант гэта самы зручны варыянт. Бо, браніруючы месцы для расійцаў на канец лета, восеньскія і зімовыя месяцы, мы не ведаем напэўна, якой будзе апошняя цана, таму даводзіцца імправізаваць. Сваіх кліентаў мы ніколі не папярэджваем аб магчымым павышэнні цэн, бо гэта непрафесійна. Мы ўсталёўваем цану і ўтрымліваем яе нават пры моцным падвышэнні кошту паслуг. Часам выдаткі даводзіцца пакрываць за кошт свайго прыбытку. Акрамя таго, у сувязі з ростам цэнаў на прадукты істотна падаражэла харчаванне падчас экскурсій».

Супрацоўнікі турыстычных кампаній адзначаюць, што сёлета значна ўпаў попыт на аўтобусныя туры з боку беларускіх турыстаў,
у тым ліку і карпаратыўных груп. У прыватнасці значна скараціўся турпаток на працяглыя экскурсіі. Падзенне попыту часткова кампенсуецца за кошт тых, хто адмовіўся ад далёкіх замежных паездак і ў гэтым сезоне аддае перавагу выехаць з дома хоць бы на два дні на экскурсію па Беларусі — адпаведна, турысты цікавяцца 1-2-дзённымі турамі. Актыўнымі застаюцца расійскія турысты, для якіх цана на туры па Беларусі не вырасла, бо яна выстаўляецца ў еўра або ў расійскіх рублях. Сумы, пераведзенай у беларускія рублі, хапае для пакрыцця выдаткаў, што дазваляе цане тура заставацца нязменнай некалькі гадоў.

Цэны на дзіцячыя аўтобусныя туры выраслі арыентавана на 25%.

«Цана тураў для дзіцячых груп вырасла за кошт той часткі, якую даводзіцца аддаваць перавозчыку за паліва, — патлумачыла дырэктар турыстычнай кампаніі „Шампань“ Вольга Кандрахова. — Варта ўлічваць, што фармаванне цаны дзіцячых тураў ідзе па паніжаным тарыфе, за кошт уваходных білетаў, экскурсійнага абслугоўвання ў музеях. Больш за тое, экскурсавод на маршруце можа ўзяць заробак крыху ніжэйшы за звычайны. Безумоўна, кожная кампанія праводзіць сваю цэнавую палітыку. З улікам павышэння цэн аглядная экскурсія па Мінску для дзіцяці будзе каштаваць 24 тысячы пры колькасці 40 чалавек у аўтобусе, для дарослага — 26 тысяч. Розніца ў цэнах на экскурсіі з наведваннем музеяў больш адчувальная.
Так, экскурсія ў Мір — Нясвіж каштуе 58 тысяч на дзіця з уваходнымі білетамі і экскурсійным абслугоўваннем, для дарослага — 76 тысяч рублёў».
Сёлета попыт на дзіцячыя аўтобусныя туры па Беларусі значна ўпаў. Шматлікія паездкі, у тым ліку і дзіцячыя, аплачваліся за кошт прафсаюзаў, якія былі не гатовыя да павышэння цэнаў.

Што да аўтобусных тураў па Еўропе, то пакуль турыстычныя кампаніі рознымі спосабамі імкнуцца ўтрымаць рост цэнаў. «Цэны еўрапейскіх тураў мы пакуль пакінулі без пераразліку, — удакладніла начальнік упраўлення па тураператарскай і турагенцкай дзейнасці кампаніі „ТОП-ТУРСвятлана Галіноўская. — З красавіка цэны не змяняліся. Вядома, за кошт гэтага змяншаецца прыбытак, але мы можам сабе гэта дазволіць за кошт сваіх аўтобусаў. Цана еўрапейскіх тураў першапачаткова фармуецца ў еўра. Нашая кампанія мае валютную ліцэнзію, таму плату за тур мы можам прымаць у валюце. У выпадку аплаты ў беларускіх рублях кліент расплачваецца па ўнутраным курсе нашай кампаніі. Павышэнне цэн на паліва на цану еўрапейскіх тураў не ўплывае, бо асноўную запраўку аўтобусы робяць у Еўропе, па якой ім даводзіцца ехаць тысячы кіламетраў». Асобныя кампаніі робяць наступным чынам: «Мы ездзім у Еўропу на беларускіх аўтобусах, а наш замежны партнёр разлічваецца з перавозчыкамі ў валюце, — расказаў дырэктар кампаніі „МастерВГтур“ Ігар Немцаў. — Таму на цане аўтобусных тураў, у прыватнасці ў Балгарыю, падаражэнне паліва ў Беларусі ніяк не адбілася».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?