Адзін з лідараў меркаванняў Facebook Андрэй Кабанаў — той самы, хто выклаў у сеціва скандальнае відэа з намеснікам міністра эканомікі Андрэем Турам, у інтэрв’ю «Салідарнасці» расказаў, як трапіў у благасферу, ці ёсць у яго інтэрнэт-залежнасць і што ён думае пра «твітэрныя» і «фэйсбукавыя» рэвалюцыі.

Андрэй Кабанаў

Андрэй Кабанаў

— Андрэй, як ты трапіў у благасферу?

— Пачалося ўсё з таго, што некалькі гадоў таму пасля цяжкай хваробы я трапіў на рэабілітацыю ў Аксакаўшчыне. У цябе няма машыны, убачыць нікога не можаш. Адзіная магчымасць мець зносіны з вонкавым светам — гэта SMS і мабільны інтэрнэт. Праз год у мяне з’явіўся айфон. Цяпер я выкарыстоўваю любыя паўзы, якія ў мяне з’яўляюцца. Я магу стаяць на святлафоры, сядзець у чарзе ў паліклініцы або цырульні, але не гартаць кучы старога часопіснага барахла, якое даўно зажавалі-заплявалі, а пакалупацца ў айфоне, пачытаць навіны, прагноз надвор’я і абнаўленні ў сацыяльных сетках.

Перманентна з кімсьці стасуюся: электронныя лісты, асабістыя паведамленні і гэтак далей. Праўда, бывае, што часам даходзіць да маразму — магу праехаць свой прыпынак, калі раптам нешта мяне зачапіла. Неаднаразова даводзілася вятацца пехам на парачку прыпынкаў назад.

— А пра што ты звычайна пішаш?

— Люблю стасавацца з самымі рознымі людзьмі, пакапацца ў іх поглядах і ўнутраным свеце. Чаму б не пагаварыць і не напісаць пра гэта? Двума-трыма словамі, сцісла. Я не люблю пісаць доўгіх тэкстаў.

— Як наконт інтэрнэт-залежнасці?

— Так, недзе гэта, напэўна, залежнасць, нешта накшталт наркаманіі. Прачынаешся, ідзеш у прыбіральню і адтуль пішаш! (Смяецца) Пытаеш, хто як прачнуўся. Гэта весела! Кожнаму ж не патэлефануеш, а так табе возьмуць і адкажуць. З іншага боку, у мяне шмат сяброў, якіх жыццё раскідала па свеце: нехта ў Іспаніі, нехта ў Грэцыі або ў Штатах. Раней было вельмі складана ўсё перакрэсліць і куды-небудзь з’ехаць, а так ты застаешся пастаянна на сувязі з дарагімі табе людзьмі.

— Колькі ў цябе віртуальных сяброў цяпер? Хто яны?

— Каля дзвюх з паловай тысяч. У нейкі момант я пачаў больш уважліва ставіцца да віртуальных знаёмстваў: перш чым дадаць кагосьці, глядзіш яго старонку, чым ён дыхае. Людзі самыя розныя. У мяне шмат цікавасцяў, па іх і падбіраю. Мода або машыны, напрыклад. Плюс у мяне ў стужцы яшчэ і розныя ўзроставыя групы ёсць. У іх таксама розныя цікавасці. У паўсядзённым жыцці ты ў любым выпадку будзеш мець зносіны з пэўнай сацыяльнай праслойкай, у сілу прафесіі або ладу жыцця. У сетцы ж ёсць зусім розныя людзі. Кагосьці турбуе сапсаванае надвор’е, а ў кагосьці шасцёра дзяцей і муж-дэпутат. Пра гэта інфармацыйныя агенцтвы не пішуць.

— Ці карыстаешся ты сацыяльнымі сеткамі для знаёмстваў з дзяўчатамі?

— У мяне досыць шмат сябровак у сеціве, сяброў і проста віртуальных знаёмых…

— Трохі перафармулюю пытанне: ці дапамагае табе Facebook у здыманні?

— Гэта правакацыйнае пытанне! (Смяецца)

Я на гэта не хварэю, у мяне не стаіць такіх пытанняў. Пакінем гэтыя забавы наведнікам якой-небудзь Мамбы.ру, «Аднакласнікаў» і іншых рэсурсаў. Facebook — гэта сацыяльная сетка з больш сур’ёзнай публікай, а не людзьмі, якія толькі дарваліся да зносінаў у інтэрнэце. Гэтая сістэма больш за іншых вольная ад усялякіх прывітанняў і ложка.

— А што Facebook для цябе?

— Перш за ўсё гэта сістэма зносін з людзьмі. І ўсё роўна, як часта ты з імі можаш бачыцца ў рэале — раз на дзень, тыдзень або год. Многія пытанні можна вырашыць, знаходзячыся ў інтэрнэце. Гэта магчымасць адчуць чужы настрой і выгаварыцца самому.

— Андрэй, ты вельмі актыўна пішаш на палітычныя тэмы. Табе не страшна?

— Не. Я стаміўся баяцца. Быў на плошчы 19 снежня. Выдатна памятаю «савок», яго развал і час, калі трэба было пачынаць нейкі бізнэс, каб нешта есці. Жылося па-рознаму: і дрэнна, і добра, але заўсёды трэба было самастойна нешта думаць і нешта рабіць. А апошнім часам за мяне нехта пастаянна нешта думае і неўта робіць, прычым часта нейкае глупства. На жаль, не я прыйшоў да палітыкі, а яна прыйшла да мяне. Палітыка ўжо лезе да нас у лядоўню. Дастаткова яе адчыніць — і ты адразу ўбачыш палітыку! Гэта не можа не хваляваць.

— Што ты думаеш пра ўсе апошнія спажывецкія ажыятажы?

— Гэта нармальна, ужо праходзілі. На маёй памяці гэта не першы налёт саранчы на гандлёвыя пункты. Заўсёды хочацца думаць, што ён апошні. Але пры ўсіх мінусах для мяне гэта добры знак. Такая сітуацыя прымусіць людзей выйсці ў пад’езд і абмяркоўваць не чарговую серыю якой-небудзь мыльнай оперы. Пра ўсе гэтыя дэфіцыты не гавораць толькі аднаклетачныя амёбы.

— Ці можаш неяк пракаментаваць твітэрныя і фэйсбукавыя рэвалюцыі?

— Цяпер час такі. Гэта цалкам натуральна. Калі выйдзеш на вуліцу са сцягам ці ўлёткай, то атрымаеш па галаве і 15 сутак у дадатак. Як яшчэ мець зносіны? Ленін улёткі раскідваў, а цяпер народ піша ў сеткі.

— Андрэй, што б ты хацеў сказаць пры канцы нашым чытачам?

— Хлопцы, давайце стасавацца! У наш час і ў нашых умовах зносіны ў сацыяльных сетках — пытанне шкурнае. Замест таго каб сядзець і назапашваць унутры сябе праблемы, лепш выплюхнуць іх. Гэта будзе карысней для здароўя: і псіхалагічна, і для вашых сасудаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?