Добрае дакументальнае кіно – рэдкі госць у Гродне. Ці не першыя за апошнія гады паказ і публічнае абмеркаванне дакументальных фільмаў зладзілі ў пачатку чэрвеня прадстаўнікі Асацыяцыі «Белфільм».

Каля 40 гарадзенцаў рознага ўзросту паглядзелі стужкі беларускага рэжысёра Таццяны Дубавец «З жыцьця тутэйшых», прысвечанага жыццю людзей на беларуска-літоўскім памежжы, а таксама фільм Дэна Рыда «Даліна», у якім адлюстраваны крывавы канфлікт у Косаве.

Пра мэту такіх кінапаказаў распавядае кіраўнік асацыяцыі Алег Дашкевіч.

- Дакументалістыка цікавіцца невыдуманым, але рэальным чалавекам, у рэальнай, але не прыдуманай сітуацыі. Ступень даверу гледача да такога кіно значна вышэй, чым, скажам, да кіно фабулярнага, дзе кожны падспудна разумее, што гэта ілюзія.

Можна маніць і займацца ашуканствам і ў дакументальным кіно, і мы маем шмат прыкладаў гэтага, але кожны рэжысёр рызыкуе сваёй кар'ерай і месцам у прафесіі.

Дакументальнае кіно -- гэта праўда. Даць людзям убачыць праўду, асэнсаваць яе і зрабіць для сябе высновы, бадай такую мэту, такі сэнс мы ўкладаем у нашыя паказы.

- Якія ўражанні засталіся ў цябе пасля сустрэчы з гледачамі ў Гродне?

- Гродна стаўся першым местам пасля сталіцы, дзе мы прапанавалі адну з нашых праграм кінапаказаў.

Тэмай праграмы была нацыянальная самасвядомасць, і аказалася, што пасля прагляду фільмаў Таццяны Дубавец і Дэна Рыда, звыклыя адказы на пастаўленыя пытанні не падаюцца такімі адназначнымі.

Бываюць моманты, калі высокая нацыянальная свядомасць ставіць вельмі вялікія і небяспечныя праблемы перад грамадствам, што і засведчыла пасляпраглядная дыскусія ў кіназале.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?