Беларусь пакуль не ставіць сваёй мэтай усталяваць бязвізавы рэжым з Еўрасаюзам, заявіў 20 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Маскве беларускі міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў.

«У нашыя адносіны з Еўрасаюзам мэта бязвізавага перамяшчэння ў двухбаковым парадку пакуль не ўключана, — цытуе Мартынава „РІА Навіны“. — Мы зараз канцэнтруемся на тэме малога прыгранічнага руху».

Міністр адзначыў, што ў пытанні «малога прымежнага руху дасягнуты прагрэс», дадаўшы, што «ў Беларусі падпісаныя пагадненні з усімі суседзямі — краінамі-удзельніцамі Еўрасаюза». Пры гэтым ён паведаміў, што з беларускага боку гэтыя пагадненні ратыфікаваныя парламентам, аднак пытанне іх ратыфікацыі з боку некаторых дзяржаваў-суседзяў з ліку членаў ЕС яшчэ застаецца адкрытым.

У краіне, па словах кіраўніка МЗС, ідзе вялікая тэхнічная работа па рэалізацыі гэтых пагадненняў на практыцы. Мартынаў згадаў аб выдачы спецыяльных карт для прыгранічнага насельніцтва 50-кіламетровай зоны.

Малы прыгранічны рух, на яго думку, значна зменіць жыццё прыкладна мільёна чалавек па розныя бакі межаў.

Нагадаем, у канцы мая старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Ігар Рачкоўскі паведаміў, што Беларусь тэхнічна будзе гатовая да пачатку малога прыгранічнага руху з Літвой і Латвіяй пасля 1 ліпеня.

Ён удакладніў, што непасрэдна малы прыгранічны рух пачнецца праз 30 дзён пасля абмену міністэрствамі замежных справаў нотамі аб выкананні ўнутрыдзяржаўных працэдур па ўступленню ў сілу адпаведных пагадненняў. Рачкоўскі адзначыў, што ў першую чаргу гаворка ідзе аб увядзенні малога прыгранічнага руху з Літвой і Латвіяй. Паводле яго словаў, з Польшчай, з якой у Беларусі таксама ёсць пагадненне аб спрошчаным парадку перамяшчэння грамадзян праз граніцу, «рашэнне пытання тармозіцца».

Праект малога прыгранічнага руху мае на ўвазе, што жыхары сумежных краін, якія пражываюць у 50-кіламетровай зоне ад агульных межаў, змогуць наведваць тэрыторыю іншай дзяржавы без віз праз пункт спрошчанага пераходу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?