Як расказала інжынер планетарыя Людміла Жарыкава, экскурсія да зорак разлічана на 45 хвілін. Падчас яе маладыя знаёмяцца з самымі прыгожымі нябеснымі з’явамі і нябеснымі сузор’ямі — знакамі задыяку. Акрамя таго, работнікі планетарыя раскажуць пра вяселлі ў бязважкасці і космасе, прапануюць зрабіць «вясельнае падарожжа» на край Сусвету. Кошт праграмы на аднаго чалавека — 6 тыс. рублёў.

Паводле слоў спецыяліста, 17 чэрвеня паслуга «Зорнае вяселле» была аказаная ўпершыню. На зоркі палюбавалася пара маладых і іх госці — усяго 14 чалавек. Чакаецца, што праграма будзе праводзіцца рэгулярна са жніўня — найбліжэйшым часам зорная зала планетарыя закрыецца на рамонт.

Мінскі планетарый і абсерваторыя былі адкрытыя ў 1965 годзе. Зорная зала, якая змяшчае 120 гледачоў, абсталяваная купалападобным экранам і оптыка-механічным апаратам «Планетарый», вырабленым у Германіі. Праекцыйны апарат валодае разнастайнымі тэхнічнымі магчымасцямі.

Як паведамляецца на сайце планетарыя, у шасціметровай вежы абсерваторыі ўстаноўлены тэлескоп-рэфрактар фірмы Carl Zeiss з фокуснай адлегласцю 1.950 мм і 300-разавым павелічэннем. Пад кіраўніцтвам кампетэнтных спецыялістаў наведвальнікі могуць назіраць: Сонца і плямы на ім (дзённае назіранне), Месяц з яго кратарамі, гарамі, «марамі», планеты Венеру, Марс, Юпітар, Сатурн, двайныя і кратныя сістэмы зорак, характэрныя туманнасці і блізкія галактыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?