"НН" атрымала наступны ліст ад Аляксея Бацюкова з Магілёва:
"Вітаю! Прачытаў у расейскім часопісе "Ab Imperio" за 2004 г., нібыта ў Горадні энтузіясты знайшлі герб Рэчы Паспалітай, зьбіты расейцамі пасьля падзелу Рэчы Паспалітай. І нібы мясцовы музэй адмаўляецца гэты герб браць, ён так і валяецца пад сьцяной Гістарычнага музэю. Музэй месьціцца ў старым будынку палацу Станіслава Панятоўскага, у якім той падпісаў адмову ад трона. Ці гэта сапраўды так?"
Вось што мы высьветлілі, затэлефанаваўшы ў Горадню.
Герб сапраўды знаходзіцца на тэрыторыі музэю ля замкавага муру. Сябры аб'яднаньня маладых навукоўцаў "Віт" абураюцца стаўленьнем адміністрацыі музэю, што не знайшла месца гербу ў экспазыцыі музэю.
Супрацоўнік музэю Андрэй Вашкевіч мае свае меркаваньні. Ён зазначыў, што герб схаваны ад ападкаў у сьцянной нішы Малога замку, а адміністрацыя музэю ніколі ад яго не адмаўлялася. "У нас ня толькі герб, але й некаторыя цяжкія і грувасткія экспанаты знаходзяцца на двары - гарматы і якар, што адшукалі ў Нёмане. Герб у хуткім часе маем перанесьці ў павільён Ніжняй царквы".
На золку незалежнасьці ўзьнікла ідэя адрэстаўраваць герб і ўсталяваць на ранейшым месцы, але далей размоў, як кажа гарадзенскі мастак і каваль Юрась Мацко, справа не скранулася. А пасьля надышлі іншыя часы. У гэтым зьвязку сп.Юрась мае ўласны сумны досьвед - выкаваны ім адмыслова для ўсталяваньня на шпілі Новага замку герб Горадні чакае да лепшых часоў - у апошні момант з аблвыканкаму адклікалі згоду на яго ўсталяваньне.
Паводле адной з вэрсіяў, герб немагчыма вярнуць на гістарычнае месца празь зьмену фасаду Новага замку - маўляў, не пасуе ён новаму абліччу колішняй каралеўскай рэзыдэнцыі. Але кожны, хто наведваў гарадзенскі музэй, ведае, што цяпер там "красуецца" герб таксама неіснуючай дзяржавы - савецкі. Гэтая спадчына, так горача шанаваная сёньняшняй уладай, таксама чакае пераасэнсаваньня.
❏
Герб Рэчы Паспалітай, які да прыходу расейцаў упрыгожваў франтон каралеўскага палацу, пасьля яго дэмантажу быў вывезены ўдзельнікам паўстаньня пад кіраўніцтвам Касьцюшкі Станіславам Солтанам у Мураваную Бераставіцу. Там яго і адшукаў стваральнік і першы дырэктар гарадзенскага музэю Юзаф Ядкоўскі. Прывезены ім назад у Горадню герб быў пашкоджаны.