У мiнулы аўторак, праз некалькi гадзiн пасля свайго вызвалення, актывiст незарэгiстраванай арганiзацыi «Партнёрства» Цiмафей Дранчук сустрэўся з карэспандэнтам «Народнай волi». ...Цiмафея Дранчука арыштавалi 21 лютага гэтага года. Пасля па БТ дэманстравалiся зараней загатаваныя бюлетэнi экзiт‑пулаў, якiя быццам бы надрукавала «Партнёрства», яе актывiстаў абвiнавачвалi ледзь не ў тэрарызме i дзяржаўным перавароце, у рэшце рэшт — асудзiлi за дзейнасць ад iмя незарэгiстраванай арганiзацыi. Цiмафей Дранчук атрымаў год зняволення.

— Маё затрыманне было ў нейкiм сэнсе сiмвалiчным, бо адбылося яно ў дзень нараджэння маёй жонкi Вольгi, — успамiнае Цiмафей. — Жонка была цяжарная, праз месяц павiнна была нарадзiць, а палове восьмай ранiцы я паехаў купляць ёй кветкi. А само затрыманне праходзiла як у дэтэктыве. Маю машыну спынiлi супрацоўнiкi падраздзялення «Страла», пакуль правяралi дакументы, пад’ехала «Газель», цалкам забiтая людзьмi са зброяй i ў чорных масках, на месцы аказалiся аператар з вiдэакамерай i двое панятых. Дарэчы, як пазней высветлiлася, усе панятыя i падчас майго вобыску, i на офiсе, i пры арышце Мiкалая Астрэйкi — гэта каманда актывiстаў з БРСМ. Мяне затрымалi, правялi спачатку вобыск машыны, затым кватэры. Забiралi абсалютна ўсё, у мяне толькi з кватэры некалькi скрыняў рознай лiтаратуры вынеслi, у тым лiку i абсалютна легальнай. Усе кнiжкi, якiя былi хоць нейкiм чынам звязаны з палiтыкай, загрузiлi i некуды адвезлi. Акрамя таго, забралi фотаздымкi i кампакт‑дыскi.

— Тады, наколькi вядома, Вы праходзiлi па справе «Мультклуба»...

— Так, усе пастановы былi падпiсаны нумарам справы аб «Мультклубе», а тое, што справа датычыцца «Партнёрства», высветлiлася толькi ўвечары, калi да мяне прыйшоў адзiн са следчых i дапытаў у якасцi сведкi. Яго цiкавiла: цi маю я дачыненне да «Партнёрства» i цi ведаю гэтую арганiзацыю? Я распавёў, што асаблiвага дачынення не маю, таму што насамрэч супрацоўнiцтва з «Партнёрствам» было для мяне не прыярытэтным. Аднак сказаў, што дапамагаў «Партнёрству», мы некалькi разоў спрабавалi зарэгiстраваць арганiзацыю, аднак усё дарэмна... Адным словам, шчыра ўсё распавёў, разлiчваючы, што гэта нейкiя пабочныя пытаннi. А праз некалькi гадзiн з’явiўся яшчэ адзiн следчы, якi прад’явiў мне пастанову аб тым, што заведзена крымiнальная справа. Галоўнае абвiнавачванне гучала так, што мы, маўляў, акрамя ўсяго, хацелi яшчэ і сфальсiфiкаваць выбары. У справе фiгуравалi, здаецца, сем быццам бы знойдзеных у нас экземпляраў раздрукаваных вынiкаў галасавання. Зроблены гэтыя паперы былi абсалютна бязглуздна, вучань сёмага класа мог зрабiць значна лепей! Але тым не менш нас абвiнавачвалi ў тым, што гэтыя паперы зрабiлi менавiта мы.

— Але ж былi яшчэ заявы членаў «Партнёрства».

— Былi, i гэта самы iнтымны бок справы. Бо насамрэч крымiнальная справа была заведзена не па факце нейкага злачынства, а па заявах некалькiх людзей, якiя мелi пэўнае дачыненне да «Партнёрства». Пры гэтым некаторыя з iх мелi не проста пэўнае дачыненне, а даволi сур’ёзнае. Я не хачу сёння рабiць аналiз таго, чаму гэтыя людзi напiсалi заявы i як iх да гэтага вымушалi. Нехта зрабiў гэта, можна сказаць, асэнсавана, а нехта падпiсаў паперы пад вельмi сур’ёзным цiскам. Падчас следства, напрыклад, высветлiлася (i следчы гэтага не хаваў), што аднаго з заяўляльнiкаў забралi ў рэстаране падчас святкавання Дня народзiнаў у п’яным стане. Адвезлi ў камiтэт, дзе сказалi: «Альбо ты пiшаш заяву на вось гэтых чацвярых маладых людзей, альбо сам будзеш сядзець у »амерыканцы». Пасля гэты чалавек у пракуратуры спрабаваў адмовiцца ад сваiх паказанняў, часткова нават адмовiўся, аднак вiдавочная праўда стала вядома на судзе. Многiя людзi, якiя пiсалi заявы, туды нават не з’явiлiся, сказалi, што iх, маўляў, не змаглi знайсцi. А мне падаецца, што яны проста не змаглi б паглядзець у вочы тым, на каго лгалi. Усе астатнiя сведкi, якiя выступалi ў судзе, казалi, што «Партнёрства» iснавала як iдэя арганiзацыi, якую мы некалькi разоў спрабавалi зарэгiстраваць i якую не далi зарэгiстраваць. А таму мы як законапаслухмяныя грамадзяне дзейнiчалi ад iмя зарэгiстраванай арганiзацыi «Альтэрнатыва XXI». Iнакш i быць не магло, бо назiральнiкi маглi вылучацца на ўчасткi толькi ад афiцыйна зарэгiстраваных арганiзацый, ад «Партнёрства» гэта было немагчыма. У рэшце рэшт суд зрабiў настолькi складаную выснову, што яе нават смешна тлумачыць. Маўляў, мы ўсё ж такi дзейнiчалi ад iмя «Альтэрнатывы XXI», але людзi, якiя вылучалiся на ўчасткi, уяўлялi сябе актывiстамi незарэгiстраванай арганiзацыi «Партнёрства». У прынцыпе, за гэта i асудзiлi.

— Арышт, прысуд — гэта для Вас было нечаканасцю цi Вы зараней не выключалi такога развiцця падзей?

— Асабiста для мяне — поўная нечаканасць! Я, натуральна, разумеў, дзе жыву, разумеў, што перад выбарамi магчыма ўсялякае, але ж нейкi рамантызм у мяне прысутнiчаў, i я думаў, што тое, чым мы займаемся, яно ў любым выпадку нiкому не шкодзiць. Насамрэч мы спрабавалi законна назiраць за выбарамi, не ствараючы анiякiх канфлiктных сiтуацый. Паўтаруся, нам не патрэбна было нешта фальсiфiкаваць, нам патрэбна была рэальная карцiна, рэальны манiторынг. Таму арышт i быў для мяне нечаканасцю. Некалькi апошнiх дзён перад затрыманнем я адчуваў назiранне за сабой, аднак за кветкамi для жонкi я ехаў з абсалютна спакойным сэрцам i душой i збiраўся вярнуцца праз паўгадзiны. А вярнуўся праз дзесяць месяцаў.

— Першыя днi ў iзалятары было цяжка?

— Цяжка — маральна. Калi не разумееш, што адбываецца, што будзе далей... Калi ведаеш, што твае родныя хвалююцца, слухаюць па тэлебачаннi, што iх сын збiраўся са зброяй рабiць ледзь не дзяржаўны пераварот, а мяне абвiнавачваюць зусiм па iншым артыкуле. I адвакат не можа анiчога сказаць, бо з яго ўзялi падпiску. Вось гэта — цяжка. Хоць з сакамернiкамi мне шанцавала на ўсiм турэмным шляху — i ў «амерыканцы», i на «Валадарцы», i ў «калонii‑адзiночцы». У iзалятары КДБ — там больш сур’ёзны кантынгент, у асноўным невiнаватыя людзi, якiя сталi разменнымi пешкамi ў барацьбе памiж сiлавымi структурамi. Нiчога не магу сказаць дрэннага i аб супрацоўнiках «амерыканкi» — iнтэлiгентныя людзi.

— У «амерыканцы» Вам i паведамiлi аб нараджэннi сына?

— Так, у той жа дзень, калi нарадзiўся — 5 красавiка. Памятаю, што прыйшлi ў камеру начальнiк змены, два супрацоўнiкi, паклiкалi мяне i афiцыйна паведамiлi: «У вас сёння нарадзiўся сын, вага такая, рост такi, жонка адчувае сябе добра». Вось i ўсё. У «амерыканцы» я знаходзiўся аж да жнiўня. А вось на «Валадарцы» — там публiка крыху iншая, хоць добрых людзей можна знайсцi ўсюды. Многiя таксама трапляюць туды несправядлiва. Напрыклад, людзям, якiя ўжываюць, але не гандлююць наркотыкамi, даюць па два‑тры гады турмы. Дык гэта ж хворыя людзi, iх лячыць трэба, а не ў турме ўтрымлiваць. Я маю пэўны юрыдычны досвед, а таму не раз дапамагаў сакамернiкам пiсаць касацыйныя скаргi. Што ж датычыцца апошняй установы, дзе я знаходзiўся, — Мiнскай калонii №1, то тут асобная размова.

— Кажуць, што яе збiраюцца зносiць...

— I гэта, дарэчы, галоўная тэма размоў на зоне. Штодзённа. Куды каго павязуць, куды каго размяркуюць... Зона насамрэч вельмi спецыфiчная, i кантынгент таксама сур’ёзны. Дробязных крымiнальных элементаў там няма. Ёсць прадстаўнiкi крымiнальнага свету, якiя маюць пэўны аўтарытэт, i, як нi парадаксальна, гэта вельмi дастойныя людзi, якiм можна давяраць, i якiя дапамагаюць. Другая частка — былыя чыноўнiкi, якiх нiхто iнакш як «шасцёркамi» там не называе. Гэта людзi, якiя патрапiлi зусiм у iншы свет, i якiя проста патанаюць у гэтай атмасферы. Яны пiшуць адзiн на аднаго даносы, рапарты толькi дзеля таго, напрыклад, каб атрымаць магчымасць на 15 хвiлiн патэлефанаваць дахаты альбо датэрмiнова атрымаць перадачу. У гэтым плане гэта проста страшнае месца. Людзi, у якiх няма сiлы волi ўсяму гэтаму супрацьстаяць, апускаюцца да такой ступенi, што могуць за кавалак каўбасы стрэлiць табе ў спiну.

— А як Вам адмiнiстрацыя калонii?

— Калi я туды прыехаў, на агульным сходзе, якi быў адразу ж пасля каранцiну, начальнiк аператыўнага аддзела шчыра сказаў мне: «У нас тут — дзяржава ў дзяржаве. I нiчога змяняць тут табе мы не дазволiм». Пасля я яшчэ не раз успамiнаў ягоныя словы i насамрэч разумеў, што так яно i ёсць. Зона — гэта наша краiна ў мiнiяцюры. Там ёсць кiраўнiцтва калонii, якому дазволена абсалютна ўсё i якое здзекуецца з асуджаных, што маюць свае погляды. I ёсць людзi, якiя адстойваюць свае элементарныя правы, хочуць, каб iм давалi столькi ежы, колькi напiсана ў пэўным законе, якiя хочуць, каб у iх было ўвесь час святло, а не так, што з дзесяцi ранiцы i да трох гадзiн дня адключаюць. Такiх людзей i «душаць». Нiчога не варта скласцi на такога чалавека рапарт, што ён, напрыклад, дрэнна рабiў ранiшнюю зарадку i даць 15 сутак штрафнога iзалятара. Былi выпадкi, калi пасля «ШIЗО» людзi адпраўлялiся адразу ж у Оршу, дзе знаходзiцца «туберкулёзная зона».

— Цiмафей, а якi стан здароўя зараз у ваўкавыскага прадпрымальнiка Мiкалая Аўтуховiча? Вы ж былi ў адной калонii?

— Нармальна сябе адчувае, за дзень да выхаду я бачыў яго, размаўлялi. Мы прыкладна разам прыехалi ў каранцiн, Мiкалай быў даволi знямоглы, аднак зараз ачомаўся, кажа, што ўпэўнены ў сваёй праваце i сваiх сiлах.

— Калi Вы даведалiся аб сваiм датэрмiновым вызваленнi?

— Я ведаю, што сiтуацыя склалася такiм чынам, што асобныя людзi не хацелi браць на сябе адказнасць, каб мяне адпусцiлi датэрмiнова. Таму што анiякiх указанняў наконт мяне ўжо не было, але ж, ведаючы маю справу, проста баялiся браць адказнасць на сябе. Званiлi пракурору горада, старшынi гарадскога суда, каб тыя далi «адмашкi». I апошнi, паводле iнфармацыi, сказаў: «Можна адпускаць». На наступны дзень прыйшлi ўжо ў шэсць гадзiн ранiцы i сказалi: «Збiрайся». Добра што хоць далi магчымасць нармальна сабрацца i развiтацца з людзьмi.

— Чым будзеце займацца зараз?

— Цяжка сказаць пакуль, толькi ж выйшаў на волю. Галоўнае, што погляды мае не змянiлiся. У гэтым накiрунку i будзем працаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?