Фота Юліі Дарашкевіч

Артур Фінькевіч — самы малады зь сёньняшніх беларускіх палітвязьняў. Але 21-гадовы хлопец з Заводзкага раёну сталіцы мае немалую палітычную біяграфію: пашуковік Google падае больш за 200 спасылак на артыкулы пра Фінькевіча ў Інтэрнэце.

Артур прыйшоў у «Малады фронт» перад прэзыдэнцкай кампаніяй 2001 г. Палітыка зьядала ільвіную долю Артуравага часу. «Калі малады хлопец прыходзіць у 16 гадоў у дэмарганізацыю, то палітыка і ёсьць амаль усё жыцьцё», — кажа пра Фінькевіча ягоны сябра Зьміцер Дашкевіч.

У вучэльні (ПТВ №38), што рыхтуе спэцыялістаў для Менскага мясакамбінату, Артур змагаўся за права мець свае палітычныя погляды. Паступіў у Інстытут парлямэнтарызму й прадпрымальніцтва. Але правучыўся толькі два гады, сышоўшы ўлетку 2005 г. Прычына — ня здаў своечасова сэсію, паколькі трапіў на чарговыя «суткі» пасьля акцыі каля польскай амбасады ў Менску.

Перад арыштам хлопец марыў паступіць у Віленскі ўнівэрсытэт на беларускую філялёгію.

Апроч палітыкі, ёсьць у Фінькевіча яшчэ адно захапленьне. Артур — заўзятар менскага футбольнага клюбу «Тарпэда-СКА».

Артур ці ня сама часта трапляў у хронікі затрыманьняў за апошнія год-паўтара. Павал Севярынец неяк зазначыў з гэтай нагоды: «Такі няўрымсьлівы хлопец, ірвецца на ўсялякія акцыі». У «МФ» Фінькевіч нават кіраваў аддзелам па акцыях. «Хлопец даволі гарачы, рашучы. Знайшоў сваё поле дзейнасьці», — канстатуе З.Дашкевіч.

Для Дашкевіча Артур ня проста паплечнік, але і надзейны сябар, на падтрымку якога заўжды можна разьлічваць. «Вясёлы хлопец, баявы. У любы час мог узяцца за справу: я ўначы мог яму затэлефанаваць і пайсьці сьцягі вывешваць. Мы па некалькі ночаў запар па менскіх дахах сьцягі разьвешвалі», — адзначае Зьміцер.

Сябры Артура спадзяюцца, што крымінальная справа супраць яго завершыцца пасьля 19 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?