Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць затрыманых 22 чэрвеня ў Мінску ўдзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту. «Я асуджаю гвалтоўны адказ беларускіх улад на мірныя дэманстрацыі, якія мелі месца вечарам 22 чэрвеня ў Мінску», — цытуе Бузека яго прэс-служба.

«Я заклікаю беларускія ўлады неадкладна вызваліць дэманстрантаў, арыштаваных учора вечарам, якія па-ранейшаму застаюцца ў няволі або паўстаюць перад судом», — заявіў ён.

«Сапраўдныя лідары прыслухоўваюцца да голасу свайго народа, дыктатары заключаюць яго прадстаўнікоў у турму за справядлівыя патрабаванні. Урэшце перамены прыйдуць у Беларусь, як яны прыйшлі да берагоў Паўночнай Афрыкі. Рэпрэсіўныя меры толькі наблізяць непазбежнасць гэтых перамен», — перакананы Бузек.

«Еўрапейскі парламент, — падкрэсліў ён, — заўсёды на баку беларускага народа, які заслужыў еўрапейскую будучыню і які мы заўсёды будзем падтрымліваць».

Палітык прывітаў рашэнне Рады ЕС аб увядзенні адрасных санкцый у дачыненні да шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў, звязаных з беларускім рэжымам.

Акцыя маўклівага пратэсту 22 чэрвеня, як і папярэднія, якія прайшлі 8 і 15 чэрвеня, была ініцыявана групай актывістаў сацыяльных сетак. Тысячы людзей па ўсёй Беларусі выйшлі на цэнтральныя плошчы і вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з палітыкай кіраўніцтва краіны. У Мінску, паводле розных ацэнак, удзельнікамі акцыі сталі некалькі тысяч чалавек.

Паводле звестак праваабаронцаў, па ўсёй Беларусі ўчора было затрымана больш за 460 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?