Яны сядзелі на лаве падсудных, нібыта якая сыцылійская мафія. Адзінаццаць чалавек: Яўген Мірановіч, Яўген Вапа, Юрка Каліна, Лена Глагоўская, Міраслава Лукша, Міхась Андрасюк, Юрка Хмялеўскі, Юрка Шульскі, Пятро Юшчук, Міхась Стальмашонак, Мар’я Паўлючук. Два прафэсары, два пісьменьнікі, кінарэжысэр, журналісты...
14 лютага ў Беластоцкім раённым судзе адбыўся чарговы разгляд так званай справы па фінансавых парушэньнях Праграмнай рады тыднёвіка «Ніва».
Пракурор зачытаў абвінавачваньне. У адказ Яўген Мірановіч агучыў заяву, пратэстуючы супраць таго, што беластоцкія ўлады апошнія гады вядуць шальмаваньне дзейнасьці беларускай меншасьці на Беласточчыне, у тым ліку і тыднёвіка «Ніва».
На пытаньні судзьдзьі пагадзілася адказаць толькі бухгалтарка тыднёвіка Мар’я Паўлючук. Працэс працягнецца 10 сакавіка. 4 сакавіка штотыднёвіку «Ніва» споўніцца 50 гадоў.
Працэс асьвятлялі пераважна журналісты зь Беларусі. Здымалі паседжаньне толькі дзьве кінакамэры мясцовых тэлеканалаў. На разглядзе справы прысутнічаў старшыня сэнацкай камісіі правоў чалавека і правапарадку Зьбігнеў Рамашэўскі. Журналістам сэнатар сказаў, што ён лічыць абвінавачваньні абсурднымі. На паседжаньні не было ніводнага прадстаўніка беларускага консульства ў Беластоку.