Расійская кампанія «Інтэр РАО» поўнасцю спыніць пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь, калі чарговы плацеж не паступіць да канца дня 27 чэрвеня.

Як паведамляе РІА Новости, 24 чэрвеня кіраўнік кампаніі Барыс Кавальчук заявіў журналістам: «Калі грошай не будзе да канца панядзелка, пацвярджаем, што гатовы цалкам адключыць пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь».

Нагадаем, 23 чэрвеня падчас візіту ў Санкт-Пецярбург прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што краіна поўнасцю разлічыцца за пастаўленую з Расіі электраэнергію да 28 чэрвеня.

«На гэтым тыдні адбыліся кансультацыі міністраў энергетыкі, і дамовіліся да наступнага аўторка, што ўсе разлікі будуць выкананыя. І, думаю, няма аб’ектыўных прычын трывожыцца, што дамоўленасць не будзе здзейснена. Яна будзе выканана», — сказаў Мясніковіч.

Паводле яго слоў, «у прынцыпе, у Беларусі дастаткова магутнасцяў, каб забяспечыць унутраны рынак электраэнергіяй поўнасцю, нават з лішкам». Аднак, прызнаў прэм’ер,

некаторыя энергетычныя магутнасці ў Беларусі «не вельмі эфектыўныя».

***

9 чэрвеня кампанія «Інтэр РАО ЕЭС» абмежавала пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь у сувязі з завінавачанасцю (1,5 млрд. расійскіх рублёў), што ўзнікла з-за праблемы з купляй валюты на беларускім рынку. Паводле вынікаў двухбаковых перамоў быў падпісаны графік плацяжоў, згодна з якімі беларускі бок бярэ абавязак пагасіць запазычанасць за расійскую электраэнергію да 5 ліпеня.

13 чэрвеня расійская кампанія поўнасцю аднавіла аб’ёмы паставак электраэнергіі ў Беларусь, а 15 чэрвеня канцэрн «Белэнэрга» ажыццявіў першы транш у межах пагашэння доўгу перад «Інтэр РАО ЕЭС».

17 чэрвеня кіраўнік кампаніі Кавальчук у кулуарах Пецярбургскага эканамічнага форуму заявіў: у выпадку пратэрмінавання плацяжоў пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь могуць поўнасцю спыніцца. Ён нагадаў, што «Інтэр РАО» некалькі разоў пераносіла тэрміны пагашэння завінавачанасці за пастаўленую ў Беларусь электраэнергію.

«Ужо паступілі грашовыя сродкі, прыкладна 600 млн. рублёў (прыблізна 21 млн. долараў. — БелаПАН.), гэта значыць была пагашана завінавачанасць за сакавік. Засталося 600 млн. рублёў за красавік, і падыходзіць запазычанасць за май. У нашым пратаколе кожны неплацеж дапускае магчымасць поўнасцю адключыць пастаўкі электраэнергіі. У нас ёсць і штрафы, і пеня. Усе санкцыі прадугледжаны, але мы паказваем верх канструктывізму і гаворым пакуль пра асноўную суму доўгу», — адзначыў Кавальчук.

21 чэрвеня «Інтэр РАО» папярэдзіла, што з 22-га часова поўнасцю спыняе пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь у сувязі з адсутнасцю чарговага траншу ў кошт пагашэння доўгу. «Гэта спыненне паставак зафіксавана кантрактам і дадатковымі пагадненнямі да яго. Камерцыйная кампанія не можа пастаўляць электраэнергію ў доўг», — растлумачыў афіцыйны прадстаўнік расійскай кампаніі.

Праз некалькі гадзін ён жа паведаміў: «Толькі што прайшлі перамовы, кансультацыі з нашымі беларускімі партнёрамі. Прынята рашэнне да панядзелка (27 чэрвеня) адтэрмінаваць адключэнне паставак электраэнергіі ў Беларусь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?