Баранавіцкі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Рыгор Грык падаў заяўку на правядзенне адзіночнага пікета супраць росту цэн, а таксама замарожвання заработнай платы.

«Гэтай акцыяй я хачу прыцягнуць увагу ўлад і грамадскасці да таго, што простыя людзі па сутнасці апынуліся на мяжы выжывання, колькасць грамадзян, якія жывуць за рысай беднасці, расце», — паведаміў БелаПАН Грык. Паводле яго слоў, у найбольш складанай сітуацыі цяпер пенсіянеры, шматдзетныя сем’і, навучэнцы, працоўныя.

Паводле слоў Грыка, ён плануе правесці пікет 10 ліпеня з 12.00 да 14.00 у старым парку на вуліцы Камсамольскай.

Пікетчык мае намер трымаць плакат «Баранавічы супраць павышэння цэн» і вывесіць расцяжку «За жыццё без хлусні і фальшу».

27 мая ў Баранавічах на гэтым месцы прайшла акцыя супраць росту цэн. Адзіночны санкцыянаваны пікет правёў мясцовы прадпрымальнік Мікалай Чарнавус.

Тры пікеты, заяўленыя на 16 чэрвеня баранавіцкім актывістам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Вячаславаў Болбатам, не адбыліся. Два былі забароненыя мясцовай уладай, таму што заяўкі былі пададзеныя не на месца, вызначанае гарвыканкамам. Ім з’яўляецца стары парк на вуліцы Камсамольскай.

«Але і там мы не змаглі правесці пікет. Мы прыйшлі заключаць з міліцыяй дагавор на аплату паслуг па забеспячэнні правапарадку на пікеце. Там адмовіліся яго заключаць, матывуючы тым, што цяпер лета, перыяд адпачынкаў, да таго ж, як нам паведамілі, гарадская міліцыя дапамагае раённай у забеспячэнні правапарадку на рэках і азёрах», — паведаміў БелаПАН Болбат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?