Дырэктар Цэнтру усходніх дасьледаваньняў Варшаўскага унівэрсытэту, кіраўнік стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага доктар Ян Маліцкі сказаў нашаму радыё, што апошнім часам мелі месца спробы дыскрэдытаваць праграму. Сярод іншага ў рукі спадара Маліцкага патрапіў ліст, дзе падрабязна апісваецца плян такой дыскрэдытацыі.

Ян Маліцкі кажа, што быў уражаны ягоным зьместам.

(Маліцкі: ) “Гэты ліст выглядае як інструкцыя дыскрэдытацыі. Там пунктаў сем. Прычым першы тычыцца дырэктара праграмы, гэта значыць мяне і там гаворыцца прама, прабачце за цытату, “узяць прастытутку, якая б мела сэксуальны кантакт з Маліцкім і такім чынам сабраць на яго кампрамат”. Канешне, тут не ў маёй асобе справа, але ў дыскрэдытацыі праграмы. Там ёсьць мянушкі, але і сапраўдныя прозьвішчы беларускіх студэнтаў, якія я вырашыў не падаваць, бо тое, што яны ёсьць у гэтым лісьце, не значыць, што гэта правакатары”.

Ян Маліцкі расказаў таксама пра спробы невядомых людзей, якія раптам з’явіліся ў інтэрнатах, падбухторваць студэнтаў да пратэстаў супраць кіраўніцтва праграмы ў справе разьмеркаваньня, варункаў навучаньня, пры тым, што стыпэндыянты праграмы Каліноўскага маюць, як кажа спадар Маліцкі, “у два разы лепшыя варункі, чым польскія студэнты”.

(Маліцкі: ) “Як сказаў Аляксандар Мілінкевіч, зь якім я размаўляў пра ўсе гэтыя справы, “гэта толькі пацьвярджае, якой вялікай пагрозай для ўладаў з’яўляецца праграма Каліноўскага, адукацыя для беларускіх маладых элітаў”. Я абсалютна згодны з гэтым".

Ян Маліцкі расказаў таксама, што частка студэнтаў праграмы не наведваюць лекцыі ў ВНУ, куды яны былі разьмеркаваныя. Некаторыя, не дачакаўшыся вакацыяў, паехалі ў Беларусь, што, паводле адміністрацыяў гэтых ВНУ, з’яўляецца недапушчальным і можа прывесьці да адлічэньня, а значыць і пазбаўленьня стыпэндыі, прадугледжанай праграмай.

Сяржук – стыпэндыят праграмы імя Каліноўскага і студэнт адной з варшаўскіх ВНУ кажа, што ведае беларускіх студэнтаў, якія патрапілі ў Польшчу ў межах праграмы, але ня хочуць вучыцца.

(Сяржук: ) “Так, такое ёсьць. Але гэта было відаць яшчэ летам у часе навучаньня польскай мове - хто хоча вучыцца, а хто не. Тое, што нехта быў на плошчы ці мае дачыненьне да дэмакратычнага руху, ня значыць, што гэты чалавек абавязкова будзе і хоча вучыцца”.

Большасьць студэнтаў, у тым ліку і ўсе беларусы ў ВНУ Сяржука, аднак, старанна вучацца.

Ян Маліцкі кажа, што сцэнар магчымай дыскрэдытацыі браўся пад увагу, менавіта таму пра ўсе спробы такіх захадаў вырашана неадкладна інфармаваць мэдыі.

(Маліцкі: ) “Ад пачатку ўсе бралі пад увагу тое, што сярод такой колькасьці студэнтаў могуць апынуцца людзі, якія ня маюць на мэце атрымаць адукацыю і служыць дэмакратыі, толькі будуць займацца службай беларускім спэцслужбам”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?