27 чэрвеня 50 гадоў споўнілася лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку. Мы выбралі цытаты з інтэрв’ю палітыка для «Нашай Нівы» за мінулыя гады.

* * *

У дзяцінстве досыць часта біўся падчас нейкіх футбольных ці хакейных баталій. Памятаю, некалі пацягнуў жылле, хадзіў на мыліцах, але ўсё адно прыйшоў на хакей. Мяне паставілі на вароты. У адной руцэ трымаў клюшку, у другой — мыліцы. Відаць, падчас гэтых спартовых спаборніцтваў і выпрацаваўся характар змагацца да канца. Я і цяпер кожную суботу гуляю ў футбол з сябрамі-палітыкамі, журналістамі, з самымі рознымі людзьмі.

* * *

Бацька мой усё жыццё працаваў на зямлі. Ён з пароды тых, каго ў 1930-я раскулачвалі. Чалавек фантастычна працавіты і сквапны на працу. У яго заўсёды было больш зямлі, чым трэба. Ён выязджаў у лес, дзе раскарчоўваў дзялянкі, і радаваўся як дзіця, калі старшыня калгаса з пяці дзялянак знаходзіў толькі дзве. Яму ўжо за 70 гадоў, а ўсё яшчэ працягвае трымаць вялікую гаспадарку, бо не можа інакш. У маці маёй адзіны боль — калі я ўжо скончу займацца палітыкай... Яна вельмі веруючы чалавек. Бацькі слухаюць радыё «Свабода».

* * *

Калі Лукашэнка кажа, што апазіцыя вырасла на асфальце, то гэта поўная бязглуздзіца. Я сам чатыры гады адпрацаваў на жніве. Дзякуй Богу, што бульбы меней цяпер сталі саджаць дома. Раней цэлы гектар засявалі, што памерці можна было, пакуль выкапаеш.

* * *

Мне пашанцавала, што бацька, жонка, сын — усе мяне разумеюць. Я ведаю людзей у палітыцы, у якіх, калі яны прыходзілі дадому, адкрываўся новы фронт. Яшчэ больш цяжкі, бо гэта родныя людзі. Хаця раз-пораз і жонка кажа, каб кідаў палітыку, не кажучы пра маці. Толькі бацька заўсёды на маім баку, бо лічыць, што нехта ж гэта павінен рабіць.

* * *

На мяне сённяшняга часта глядзяць праз прызму таго часу. Кажуць, ён зрабіў Лукашэнку прэзідэнтам. Каб гэта было так лёгка, то я б ужо нарабіў дзясятак дэмакратычных прэзідэнтаў. Ворагам тады быў не Лукашэнка, пагроза сыходзіла ад Кебіча. Была рэальная пагроза суверэнітэту, Кебіч вёў сябе як савецкі сакратар, які браў чамадан «Белавежскай» і ехаў вырашаць пытанні. Гэта прывяло да таго, што частка дэмакратаў падтрымала Лукашэнку. Лічу, што ў 1994 годзе адбылася беларуская Аранжавая рэвалюцыя. Я спакойны, бо ведаю, што ніколі не гандляваў сваімі поглядамі.

* * *

Многія лічаць, што мне прапаноўвалі і Міністэрства замежных справаў, і Міністэрства адукацыі, але гэта няпраўда. Калі ўжо называць рэчы сваімі імёнамі, то мне прапаноўвалася ўзначаліць прэзідэнцкую раду. Мне было насамрэч цікава, бо задумваўся орган як пасярэднік між грамадзянскай супольнасцю і ўладай. Але я ня бачыў палажэння гэтай рады, узнікла паўза. Пасля былі белыя плямы ў газетах і г.д. Да лета 1995 году ў нас не было з Лукашэнкам ніякіх камунікацый. Была ідэя правядзення круглага стала між уладай і прадстаўнікамі грамадскасці. Я размаўляў з Лукашэнкам амаль паўтары гадзіны. Ён казаў: «Анатоль, дарэмна ты сышоў. Давай паездзім разам па рэгіёнах, паглядзі, як да мяне ставяцца людзі. Вазьмі канкрэтную справу». Ён прапанаваў мне ўзначаліць Мытны камітэт. Я сказаў, што мяне задавальняе статус дэпутата Вярхоўнага Савета. Тады бяры віцэ-прэм’ера ў сацыяльных пытаннях, кажа Лукашэнка. Я зноў адмовіўся. Пасля гэтага мы з ім не кантактавалі.

* * *

У мяне ў «Амерыканцы» было мала кантактаў з людзьмі, што мяне забралі. На першай сустрэчы мне сказалі, калі я зраблю пэўныя заявы, то літаральна ў гэты ж дзень магу быць дома. Я паказаў следчаму сваю правую руку. І сказаў, што хутчэй яе адгрызу, чым адмоўлюся ў тое, што веру, ці скажу супраць некага. Наступны раз следчага я пабачыў толькі ў 2011 годзе.

* * *

Было ўсё. Ніводзін чалавек у турме не можа адчуваць сябе нармальна. Вельмі кепска тым людзям, што да гэтага не падрыхтаваныя фізічна і маральна. Мне было лягчэй за іншых. У мяне былі нейкія балячкі, але я адтуль выйшаў фізічна больш моцным. Бо кожныя дзве гадзіны на шпацыры я адціскаўся па тысячы разоў. На прагулках я танцаваў пад музыку. Спачатку на мяне глядзелі, як на вар’ята, а потым стала нармальна. З пункту гледжання вытрымаеш ці не вытрымаеш у «амерыканцы», то ўсё залежыла ад таго, якая ў цябе фізічная форма і дух.

* * *

Першы ліст у турму я атрымаў ад сям’і толькі пры канцы лютага. Гэта была невялікая цыдулка, што ў іх усё нармальна. Апошні раз я плакаў, напэўна, у дзясятым класе, а тут на слязу прабіла. У турме я стаў паэтам. Пры вызваленні ў мяне забралі чатыры сшыткі. Адзін з якіх быў з вершамі. Пачаў пісаць апавяданне «Лёлік». Гэта пра галуба, з якім я кожны раз вітаўся на шпацыры. Ён здзіўлена глядзеў на нас. Звычайна ж птушкі ў клетцы, а тут наадварот.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?