Апытанне праводзілася ў чэрвені і зафіксавала калапс падтрымкі ўладаў.
Апытанне праводзілася ў чэрвені і зафіксавала калапс падтрымкі ўладаў.
Метадам
Пагаршэнне «эканамічнага самаадчування» беларусаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г., зафіксаванае ў сакавіку, сёння можна характарызаваць як сапраўдны абвал.
Так, колькасць рэспандэнтаў, якія сказалі, што іх матэрыяльнае становішча за апошнія тры месяцы пагоршала, узрасла да 73%.
82% лічаць, што «беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе», прычым віну за гэта ўскладаюць перш за ўсё на прэзідэнта (45%) і ўрад (37%), а не на сусветны крызіс (27%) або спекулянтаў (17%).
Колькасць тых, хто лічыць, што «ў цэлым сітуацыя ў Беларусі развіваецца ў няправільным кірунку», усяго за тры месяцы ўзрасла з 40% да 62%, а «ў правільным», наадварот, знізілася з 45% да 26%. Гэта амаль найніжэйшы паказчык за ўсю гісторыю маніторынгу НІСЭПД.
У людзей нарастае адчуванне, што мы жывём у паліцэйскай дзяржаве. Звыш паловы апытаных (53%) сёння лічаць, што А. Лукашэнка перш за ўсё абапіраецца «на вайскоўцаў, МУС, КДБ», 38% — «на прэзідэнцкую» вертыкаль», 24% — «на дзяржаўных чыноўнікаў». Для параўнання: «на простых людзей» — 19%, «на спецыялістаў» — 7%, «на культурную і навуковую эліту» — 4%.
Колькасць адказаў «прэзідэнт забяспечвае непаспяхова» перавышае колькасць адказаў «паспяхова» (у тым ліку, «пад’ём эканомікі, рост дабрабыту» — 16% супраць 76%, «падтрыманне стабільнасці ў грамадстве» — 30% супраць 60%, «барацьбу з карупцыяй» — 35% супраць 49%).
На пытанне: «Як Вы лічыце, тое, што ў руках А.Лукашэнкі сканцэнтравана цяпер практычна ўся ўлада ў краіне, ідзе на карысць Беларусі ці не дае краіне нічога добрага?» 59% адказалі «не дае краіне нічога добрага» і толькі 26% — «ідзе на карысць Беларусі» (у верасні мінулага года гэтыя суадносіны было 39% супраць 44%).Нядзіўна, што лічба гатовых зноў прагаласаваць за Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах апусцілася ніжэй за 30% і склала 29,3% (у снежні 2010 г. — 53%, у сакавіку 2011 г. — 42.9%).
Стаўленне беларусаў да Расеі становіцца ўсё больш складаным.
Так, з аднаго боку, заяву міністра фінансаў А. Кудрына, што «Расея дасць крэдыт у памеры 3 млрд даляраў пры ўмове, калі Беларусь правядзе эканамічныя рэформы» палічылі справядлівым рашэннем 47%, а несправядлівым — 37%. З іншага боку,
«жаданне Расеі атрымаць буйныя беларускія прадпрыемствы, такія як «Белтрансгаз», МАЗ, «Беларуськалій» выклікала ў цэлым негатыўную рэакцыю беларусаў: 37% лічаць, што іх нельга прадаваць ні ў якім разе, а 20% — што іх не варта прадаваць расейцам,20% пагадзіліся з тым, што іх можна прадаць расейцам за добрую цану, а 16% сказалі, што ў Беларусі няма выйсця, іх прыйдзецца прадаваць расейцам за тую цану, якую дадуць.
Ацэньваючы становішча СМІ ў Беларусі, сёння ўжо 53% рэспандэнтаў лічаць, што яны залежныя, і толькі 10% — незалежныя.
Аб рэгулярным карыстанні інтэрнэтам заявілі 40% апытаных.
Каментары