Сёння а 10-й гадзіне у судзе Ленінскага раёна Гродна аднавіўся працэс Андрэя Пачобута.Суддзя адмовіўся задавальняць хадайніцтвы абароны аб допыце сведкаў. Пасля выступу адвакатаў быў абвешчаны чарговы перапынак да 5 ліпеня.
Абвінавачанаму засталося толькі сказаць сваё апошняе слова.
Пракурор патрабуе пакараць Андрэя Пачобута 3 гадамі калоніі.
Працэс цягнецца ад 14 чэрвеня.
А за кратамі журналіст знаходзіцца больш за два месяцы.
17 чэрвеня Андрэю Пачобуту было наноў выстаўлена абвінавачанне. Артыкулы наконт абразы (368–1) і паклёпу (367–1) адносна прэзідэнта ў ім засталіся, толькі больш як у два разы павялічыўся тэкст. Па першым з іх прадугледжана пакаранне да двух гадоў зняволення, па другім — ад двух да чатырох гадоў. Падставы пракуратура знайшла ў артыкулах Пачобута ў «Газэце выборчай», у ягонай калонцы на сайце «Беларускі партызан», а таксама ў адным з допісаў у «Жывым журнале».
***
Крымінальная справа ў дачыненні да Андрэя Пачобута была заведзена 18 сакавіка за артыкулы ў польскай «Gazeta Wyborcza», на сайце «Белорусскій партізан» і ў ягоным блогу. 6 красавіка журналіст быў арыштаваны.
А.Пачобут свядома кінуў выклік КДБ. 8 студзеня журналісту выпісалі афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць супрацьпраўных дзеянняў (удзел у несанкцыянаванай акцыі 19 снежня) за подпісам начальніка Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Івана Каржа.
Пачобут сцвярджае, што пры гэтым супрацоўнікі гродзенскага КДБ пагражалі яму і некалькі разоў ўдарылі яго па галаве. Ён падаў скаргу на дзеянні кадэбістаў у вайсковую пракуратуру. Вынікам настойлівасці журналіста стала серыя праверак і медычных экспертыз.
Хоць пракуратура не пабачыла парушэнняў у дзеяннях КДБ, але камітэтчыкам прыйшлося адказваць на непрыемныя пытанні, а таксама «засвяціць» свае імёны ў прэсе.
Адначасова з журналістыкай, Андрэй Пачобут займаецца і грамадскай дзейнасцю: ён адзін з лідараў Саюза палякаў. Па адукацыі ж Пачобут — юрыст, а таксама займаецца вывучэннем польскага антысавецкага руху ў Заходняй Беларусі.
«Аляксандр Рыгоравіч, дарагі ты мой пацярпелы, за свае словы і ўчынкі я гатовы адказваць, што завецца, па ўсёй строгасці. Як гаворыцца, „мы за цаной не пастаім“.
Спадзяюся, што прыйдзе час і па ўсёй строгасці прыйдзецца адказаць за тое, што адбываецца ў Беларусі апошнія 16 гадоў, і былому прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А. Р.»,
— публіцыстычна пісаў А.Пачобут.