Намеснік мэра Быдгашча папрасіў прабачэньня ў беларускіх заўзятараў за інцыдэнт на баскетбольным матчы жаночых камандаў Беларусі і Літвы 25 чэрвеня, калі заўзятары былі выдаленыя аховай з трыбуны за прэзэнтацыю бел-чырвона-белых сьцягоў.

«Гэта скандал.
Я дапільную, каб на імпрэзах у Быдгашчы больш не здараліся падобныя інцыдэнты» — намесьнік мэра Быдгашча Сэбастыян Хмара сказаў інтэрнэтнаму выданьню Gazeta.pl.

Мэрыя ў Быдгашчы была суарганізатарам матчу Беларусь-Літва, даючы на гэтую імпрэзу мільён злотых (каля 350 тысяч даляраў).

Арганізатарам матчу была таксама Польская баскетбольная асацыяцыя. Мы зьвязаліся з гэтай асацыяцыяй, але ніхто не захацеў гаварыць пра інцыдэнт у Быдгашчы афіцыйна ў мікрафон нашай службы. У неафіцыйнай размове прадстаўнік асацыяцыі сказаў, што правілы правядзеньня матчаў чэмпіянату Эўропы ўстанаўлівае эўрапейскае аддзяленьне Міжнароднай асацыяцыі баскетболу (FIBA Europe) зь сядзібай у Мюнхэне, якой падпарадкоўваецца і польская асацыяцыя. Мы папрасілі гэтую міжнародную асацыяцыю пра камэнтар на тэму інцыдэнту са сьцягамі ў Быдгашчы, але не дачакаліся адказу.

Паводле сайту Gazeta.pl,

праблемы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ў Польшчы для беларусаў могуць зьявіцца і на чэмпіянаце Эўропы па футболе ў 2012 годзе, калі Беларусь пасьпяхова пяройдзе кваліфікацыйны адбор.

«На спартовых спаборніцтвах няма месца палітычным дэманстрацыям. Спорт павінен яднаць людзей, а не дзяліць. Арганізатарам Эўра-2012 зьяўляецца UEFA, і гэта яна ўстановіць нам правілы гульні» — сказаў сайту Gazeta.pl прэсавы прадстаўнік Міністэрства спорту Польшчы.

Дэпутат Грамадзянскай плятформы Робэрт Тышкевіч зь Беластоку, які ў польскім Сойме зьяўляецца старшынёй дэпутацкай групы ў пытаньнях Беларусі, лічыць, што арганізатарам матчу ў Быдгашчы не хапіла разуменьня сытуацыі.

«Падчас ваеннага становішча Польшча гуляла супраць СССР на мундыялі ў Гішпаніі ў 1982 годзе. Нікому не замінала, што ўвесь стадыён быў запоўнены сьцягамі „Салідарнасьці“.
Арганізатары глядзелі на гэта скрозь пальцы, бо ведалі, як важна гэта было для палякаў. Цяпер маем падобную сытуацыю зь Беларусьсю. Гэта адзіная краіна ў Эўропе, дзе няма свабоды слова і свабодных СМІ. Вывешваючы свае сьцягі, беларусы мірна маніфэстуюць свае мары. Мы павінны паказаць разуменьне гэтага, таксама і на Эўра-2012» — сказаў Робэрт Тышкевіч сайту Gazeta.pl.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?