Сёння пабачыў свет фільм на тэлеканале НТВ «Беларускі цуд», ён выйшаў у рамках перадачы «ЧП. Расследаванне». Тамсама раней выходзіў славуты «Хросны бацька». У інтэрнэце ўжо з’явілася стужка.

У «Беларускім цудзе» аўтары абяцалі развянчаць міф пра моцную беларускую эканоміку. У выніку аўтары прапанавалі Лукашэнку прадаць буйныя прадпрыемствы, увесці расійскі рубель, а таксама «сысці пад крыло да Расіі». Толькі ў такім выпадку магчымы выхад з крызісу, упэўненыя яны.

Фільм пачынаецца з кадраў беларускай «маўклівай рэвалюцыі», а таксама падтрымкі пратэстоўцаў аўтамабілістамі. «На вуліцы Мінска выходзяць не апазіцыянеры, а звычайныя грамадзяне. Яны не крычаць і не высоўваюць лозунгаў. Людзі выходзяць таму, што ім няма на што жыць», — кажа закадравы голас.

Фільм пачынаецца перадвыбарчымі кадрамі, калі Лукашэнка з сынам Колем і старшынёй Нацбанка Пракаповічам сядзелі на залатых злітках. Першым героем фільма становіцца былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч. «Узровень жыцця ў нас быў вышэйшы, чым мы зарабляем», — кажа ён.

Дэманструюцца кадры тэлеканала «Белсат». Закадравы голас кажа, што беларускія рублі ператварыліся ў фанцікі. «І сітуацыя стала некіраванай», — гаворыць галоўны рэдактар часопіса «Эксперт» Валер Фадзееў. Згадваецца, што экспарт тавараў з Беларусі значна адставаў ад імпарту.

«Беларускае сальда мінус 16% — гэта нацыянальная катастрофа», — кажа эканаміст Аляксандр Прывалаў. Апавядаецца пра куплянне людзі валюты. Цытуецца Пракаповіч, што ніякай разавай дэвальвацыі не будзе. «Чэргі за валютай сталі кругласутачнымі».

Дэманструюцца кадры прадпрымальніцы Таццяны, якая мусіць купіць расійскія рублі, каб набыць тавар. «Сітуацыя прыніжальная, але што зробіш», — кажа яна.

Яўген Корсак кажа, што вымушаны набываць валюту на «чорным рынку», каб трапіць у Польшчу. Нават дэманструюцца кадры абмену. Праўда, замыты твар у дзяўчыны, у якой набываў валюту Яўген. Ідзе кароткі аповед пра сайт prokopovi.ch.

Ёсць кадры з рынка, дзе гандлюе Алесь Таўстыка. Гэта ідзе пад словы пра таварны і прадуктовы ажыятаж. «Людзі бралі магазіны штурмам».

Пенсіянер Міхаіл Карповіч перад тэлекамерай працуе на ўласным гародзе. Кажа, што ўся надзея толькі на яго. Праваабаронца Кацярына Садоўская наракае, што не змагла набыць новую шафу.

Прадпрымальнік Андрэй Кабанаў расказвае пра скандальнае відэа з п’яным намеснікам міністра эканомікі Турам.

Агляд эканамічнай сітуацыі працягвае становішча з бензінам, калі цэны ўзраслі на 30%. У той самы дзень у Мінску прайшла акцыя «Стоп-бензін».

Аўтары расказваюць, што продаж бензіну быў ключавым пунктам даходаў беларускага бюджэту, калі нашы прадпрыемствы па льготных цэнах набывалі нафту ў Расіі, а ўжо перапрацаваную прадукцыю прадавалі на Захад. «Гэта была чыстая спекуляцыя», — кажа дэпутат Дзярждумы Павел Мядзведзеў.

Лідар ініцыятывы «За аўто» Арцём Шаркоў кажа, што людзі могуць цяпер набыць у два разы меней паліва, чым раней.

«Беларускія ўлады часта любілі гаварыць пра асаблівым шляху эканамічнага развіцця. З’явіўся нават тэрмін «беларускі цуд». Астравок сацыялістычнай эканомікі ў акіяне капіталізму», — кажуць аўтары.

Адразу пасля гэтых словаў відэаінтэрв’ю Міколы Статкевіча. Відаць, тое, што ён даваў для «Хроснага бацькі». Сённяшні палітвязень кажа, што Беларусь фактычна знаходзіцца ў стане дэфолту. Гаворыцца, што Статкевіч асуджаны на шэсць гадоў калоніі.

Ужо згаданы Фадзееў зазначае, што большасць беларускіх тавараў неканкурэнтаздольныя. Сістэмны адміністратар Антон Кураленя расказвае, як на заводзе «Інтэграл» «вырабляюцца» камп'ютары. Даўняя гісторыя, калі пад «Інтэгралам» апынуліся «Асеr».

З’яўляецца ў фільме экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Яраслаў Раманчук. Ён бадзёра апавядае пра тое ж, што і Кураленя.

Аўтары кажуць, што большасць беларускіх заводаў пабудаваныя яшчэ за савецкім часам, а прадаваць іхнюю прадукцыю штогод становіцца ўсё цяжэй, а на мадэрнізацыю няма грошай.

«Аднак беларускія прадпрыемствы працягваюць выпускаць тавар, нават калі яго ніхто яго не набывае. Гэта прыводзіць да вялічэзных стратаў. Тым не менш, курс на нарошчванне эканомікі працягваецца. З савецкай эпохі мала што змянілася ў Беларусі — сістэма калгасаў, планавая эканоміка і жалезная дысцыпліна на дзяржаўных прадпрыемствах», — кажуць НТВшнікі.

Палітолаг Андрэй Суздальцаў расказвае пра датацыі, якія Расія аказвае ў эканоміку Беларусі. «За апошнія гады датацыі ў Беларусь склалі 60 мільярдаў даляраў», — кажа ён. Ідзе пераконванне, што без дапамогі Расіі беларуская эканоміка не выжыве.

«Прыйшоў час зацягнуць паясы — і гэта ўжо не сацыялізм, — кажуць тэлевізійнікі. — У крызісныя часы эканоміку мог бы выратаваць малы бізнэс, але ён у Беларусі знаходзіцца ў зародкавым выглядзе».

Прадпрымальнік Святлана Дваранінава гаворыць пра праблемы, з якімі сутыкаюцца дробныя гандляры. «Бізнэс спыніўся, бізнэсу няма. Ёсць толькі думкі, ідэі, каб хоць што-небудзь прадаць», — кажа Алесь Таўстыка.

Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што палепшыць сітуацыю можна шляхам продажу буйных прадпрыемстваў. Галоўнае — не паўтарыць досведу расійскіх «ліхіх 90-ых».

«Па меркаванні экспертаў, нават калі МВФ дасць Беларусі 8 мільярдаў, то гэта нічога не зменіць. Новыя даўгі плюс старыя толькі пагоршаць сітуацыю», — кажуць аўтары «Беларускага цуду».

«Зараз шанец для Лукашэнкі заключаецца ў тым, каб сысці пад крыло да Расіі. У тым ліку, рэалізаваць свае абяцанні аб тым, што Беларусь гатовая ўвайсці ў рублёвую зону. У гэтым выпадку беларуская эканоміка адразу была б застабілізаваная і многія з сённяшніх праблем сыдзе ў адзін момант», — кажа палітолаг Вячаслаў Ніканаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?