Як некалі за Саветамі пісьменьнікі, цяпер спартоўцы плацяць уладам ляяльнасьцю за матэрыяльныя выгоды.

За апошняе дзесяцігодзьдзе сусьветны футбол у Беларусі стаў даступным абсалютна для ўсіх катэгорыяў заўзятараў. Цяпер ня трэба прыслухоўвацца да кароткіх хваляў, каб пачуць рэпартаж пра нейкі там матч. Варта толькі легчы, зручней уладкавацца на канапе і ўключыць тэлевізар: прыгожая карцінка ў прыгожай «упакоўцы» табе забясьпечана. Нават Беларускае тэлебачаньне ўжо ня першы год трансьлюе групавы турнір Лігі чэмпіёнаў і першынство Англіі. Мала гэтага, можна ўсталяваць спадарожнікавую антэну, і ўжо цэлы тузін каналаў гатовы прадставіць табе асалоду ад гульні зорак найпершай велічыні эўрапейскіх чэмпіянатаў.

Любы шараговы заўзятар цяпер можа раскласьці па палічках гульнявую расстаноўку на матч «Чэлсі» з «Барсэлёнай». Сусьветны футбол перастаў быць дэлікатэсам, якім быў у савецкі час, калі паглядзець на зорак узроўню Круіфа ці Бэкенбаўэра можна было раз на два гады — на чэмпіянаце сьвету ці Эўропы. Таму і чакалі тых чэмпіянатаў з куды большым інтарэсам і хваляваньнем, чым зараз.

Сёлетні нямецкі мундыяль рызыкаваў стаць самым нецікавым за ўсю гісторыю першынстваў сьвету. Ён ня даў сусьветнаму футболу зорак‑ідалаў. Ён абышоўся без сэнсацыяў, у чым значна прайграў папярэдняму. Самі ж футбалісты падаваліся стомленымі.

Футбол робіцца ўсё менш падобным да спорту і ўсё больш — да бізнэсу. Прыход вялікіх грошай у спорт, а ў футбол у прыватнасьці, быў непазьбежным. У сьвеце занадта шмат людзей, гатовых за назіраньне сапраўдных спартовых жарсьцяў плаціць вялікія грошы. Аднак грошы ў нейкай ступені забіваюць футбол. Любая зорка сёньня перш падумае, ці варта класьціся ў падкаце, а пасьля паўгоду лячыць траўму і атрымліваць невялікія грошы, ці лепш застацца здаровым, не ідучы на кантакт з супернікам.

Футбол робіцца ўсё больш падобным да спэктаклю, усё болей у ім прадказальнасьці і прагматызму, усё меней месца там застаецца для спантаннасьці і шчырасьці. Гэта ўжо ня спорт, а шоў‑бізнэс, калі некаторыя футбалісты робяць на сваім імені мільёны, як сэкс‑ікона Дэвід Бэкхэм, не дасягнуўшы нічога звышнатуральнага ў гульнявой кар’еры. Можна нават паглядзець на беларуса Аляксандра Глеба, які перамог у «нашаніўскім» апытаньні на званьне найлепшага спартоўца году. Прыватныя моманты жыцьця Глеба кшталту чуткі пра заручэньне футбаліста з салісткай гурту «Топлес» пачынаюць цікавіць заўзятараў больш, чым уласна ягоная гульня.

Чэмпіянат сьвету выратаваў Зынэдын Зыдан. Учынак Зыдана ў фінальным матчы, калі ён заступіўся за гонар сваёй сястры, маці і ўсяго арабскага сьвету, ударыўшы Матэрацы, сапраўды ўражвае. Бо ён вылучаецца з агульнай футбольнай шэрасьці апошніх гадоў.

Бэрбэр Зыдан у гэтай сытуацыі павёў сябе ў значнай ступені больш па‑эўрапейску, чым эўрапеец Матэрацы.

Паводле ўсіх футбольных правілаў, Зыдан быў правапарушальнікам і справядліва атрымаў чырвоную картку. Паводле правілаў маралі і этыкі, Зыдан застаўся пераможцам. Гэта даказвае і тое, што пасьля славутага «баданьня» ніхто так і не асьмеліўся «кінуць камень» у бок Зыдана.

Зыдан мог сьцярпець, дачакацца сэрыі пэнальці, і, хто ведае, стаць двухразовым чэмпіёнам сьвету, атрымаць «Залаты мяч»‑2006, але тады б гэта ня быў вялікі футбаліст. Таму зусім ня дзіўна, што адразу па сканчэньні чэмпіянату экспэрты пачалі гаварыць, што побач з Пэле і Марадонам зьявілася яшчэ адна футбольная мэга‑зорка — Зыдан.

Што яшчэ запомнілася са спартовых падзеяў году? Трагедыя фрыстайліста Зьмітра Рака. Беларус няўдала выканаў скачок і зачапіў каленам падбародзьдзе. Цяпер Рак у коме, і немаведама калі ён зь яе выйдзе. Нешта падобнае ў любы момант можа адбыцца амаль з кожным спартоўцам. Грошы і слава дасягаюцца вялікім коштам. Згадваецца, як летась, проста на менскай лядовай пляцоўцы, ня вытрымала сэрца хакеіста Жаўтка.

Як некалі за Саветамі пісьменьнікі, цяпер спартоўцы плацяць уладам ляяльнасьцю за матэрыяльныя выгоды. Рэдка хто з спартовага асяродзьдзя наважыцца выказацца па актуальных пытаньнях штодзённасьці, а тым больш закранаць тэму палітыкі.

Многія віды спорту сталі ў Беларусі непасрэдна палітычнымі, бо старшынства ў фэдэрацыях займаюць не спэцыялісты, а чыноўнікі. Асабліва цікавая сытуацыя з хакеем. Зборную краіны па «прэзыдэнцкім» відзе спорту ня першы год трэніруюць заакіянскія «коўчы». Сёлета на месца канадца Хэнлана, які дамогся найлепшага беларускага выніку на чэмпіянаце сьвету ў гісторыі — шостага месца, прыйшоў амэрыканец Фрэйзэр. Разам з замежнымі спэцыялістамі ў гульцоў непазьбежна пачынаецца «ломка» стэрэатыпаў.

Незаўважна з Хэнланам, а цяпер з Фрэйзэрам у Беларусь прыходзяць заходнія прынцыпы, заснаваныя на павазе да асобы. Як бачым, такі падыход дае плён. Да добрага хутка звыкаеш.

Хто найлепшы спартовец 2006 году?

Апытаньне на сайце «Нашай Нівы»

Аляксандар Глеб (футбол) — 27,1%

Зьміцер Дашчынскі (фрыстайл) — 14,7%

Уладзімер Самсонаў (пінг‑понг) — 11,6%

Максім Мірны (тэніс) — 10,1%

Андрэй Мезін (хакей) — 10,1%

Іван Ціхан (лёгкая атлетыка) — 9,3%

Аляксандра Герасіменя (плаваньне) — 6,2%

Кацярына Карстэн (акадэмічнае веславаньне) — 4,7%

Натальля Цылінская (вэлятрэк) — 3,1%

Вольга Назарава (біятлён) – 2,3%

Алеся Турава (лёгкая атлетыка) — 0,8%

Натальля Харанэка (лёгкая атлетыка) — 0,0%

Усяго прагаласавалі 129 чалавек.

На асноўнай старонцы фота ўзята з сайту лёнданскага «Арсэналу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?