Каляды. Вяртаньне

    Калядныя віншаваньні — ня проста піўная рэкляма,
    Калі з гразёй на асеньніх ботах па лужынах ходзіць зіма.
    Знаёмая кажа, што сьнег у Варшаве і ў Лёндане, мабыць, таксама,
    А ў Менску тры дні да Калядаў, а сьнегу яшчэ няма.
    Сьвяты Мікалай з падарункамі вяртаецца ўвечары з рынку
    Прыгараднай электрычкаю на дваццаць чацьверты пуць,
    Бо ўночы калядныя мары абудзяць адну дзяўчынку,
    А тата з мамай ня чэшуцца і спакойна храпуць.
    У замежных паштоўках — шчасьце ў вершах і прозе,
    У замежных кнігарнях — паліцы сьвяточных тамоў,
    А нашы сябры і сямейнікі збольшага ўсе ў дарозе
    І яшчэ невядома, ці пасьпеюць дамоў.
    Бо тонны вільготнай восені павісьлі над галавою,
    Бо хмары ў паветры — як радыё нянашага настальжы.
    І едзеш з восеньскай Вільні восеньскаю Літвою...
    І сьнег пачынае падаць на беларускай мяжы.
    А дома чакаюць прэзэнты каля каляднай ялінкі
    І ў пляшках закаркаваныя сьвяточнай радасьці хвалі, —
    Калі ўсенародны блазан высуне галаву з тэлескрынкі,
    А мы ў адказ: «Позна, дзядзька, нас ужо віншавалі!»
    .
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0