Брэсцкі каардынатар аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Уладзімір Катрыч распавёў пра мярзотныя паводзіны супрацоўнікаў мясцовага КДБ.

Учора яму патэлефанавалі і прапанавалі прыйсці на гутарку да следчага КДБ. Уладзімір вырашыў, што выклік звязаны з яго удзелам у шэрагу публічных акцый пратэсту.

Тое, што здарылася праз пару гадзін, стала для актывіста ударам. Катрыч паведаміў «Народнай волі», што КДБ наведала і яго жонка. Жанчыну давялі ў кабінеце да нервовага зрыву.

Адтуль яна пабегла ў суд і падала заяву на скасаванне шлюбу. Жанчына потым распавяла мужу, што ёй далі праслухаць яго прыватныя тэлефонныя размовы. Яе запэўнівалі, што муж не аддае ўсе грошы, якія зарабляе, у сям’ю, а таксама дапускае ў яе адрас абразлівыя выказванні.

Катрыч назваў гэта правакацыяй. «Я ўжо нічога не кажу з нагоды законнасці іх дзеянняў, але які трэба мець маральны ўзровень, каб рабіць такія гідоты», — сказаў прадпрымальнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?