Толькі ў Мінску падчас акцыі маўклівага пратэсту 3 ліпеня затрыманыя каля 200 чалавек. Звестак пра колькасць затрыманых па краіне пакуль няма.

«У Мінску было дзве хвалі затрыманняў: першая — падчас парада, калі было затрымана каля 70 чалавек; другая — вечарам каля чыгуначнага вакзала, дзе затрымалі яшчэ прыкладна 100 чалавек», — паведаміў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Паводле яго інфармацыі, у Фрунзенскім РУУС Мінска ўжо аформілі каля 50 адміністрацыйных пратаколаў, затрыманых павезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Усе яны абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КоАП). Суды над затрыманымі, у тым ліку над журналістам «Еўрарадыё» Паўлам Свярдловым, павінны прайсці 4 ліпеня.

Калі падчас парада з удзелам вышэйшага кіраўніцтва краіны затрыманні праводзіліся ціха і непрыкметна, то людзей, якія сабраліся ў раёне Прывакзальнай плошчы, разганялі і затрымлівалі з прымяненнем грубай сілы. Людзі ў цывільным накідваліся ў асноўным на моладзь, іх цягнулі па асфальце, заломваючы рукі, некаторых білі. Гэта выклікала негатыўную рэакцыю прахожых, у тым ліку састарэлых людзей. Упершыню супраць удзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту прымянілі газ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?