Разбор з 48-гадовым жыхаром Смалявічаў, які стаў вядомым дзякуючы свайму паўтарагадоваму ўнуку, выліўся ў яго змяшчэнне ў ІЧУ мясцовага райаддзела міліцыі і складанне пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Вольга Чайчыц з сынам Янам, фота Smaliavichy.by.

Вольга Чайчыц з сынам Янам, фота Smaliavichy.by.

Як паведамілі БелаПАН ва УУС Мінскага аблвыканкама, у дачыненні да мужчыны складзены адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КоАП). Цяпер у чаканні суда ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Правапарушэнне заключалася ў тым, што мужчына першапачаткова адмаўляўся ісці з супрацоўнікамі міліцыі ў райаддзел.

Нагадаем, паводле версіі міліцыі Мінскай вобласці, 3 ліпеня прыкладна у 19 гадзін на цэнтральнай плошчы горада супрацоўнікі міліцыі заўважылі малалетняе дзіця без суправаджэння дарослых, якое «бегала ў натоўпе». Затым з’явіўся мужчына 1962 года нараджэння, які назваўся дзядулем хлопчыка. Міліцыянеры прапанавалі яму прайсці ў райаддзел для высвятлення, чаму маленькае дзіця было адно ў горадзе.

Спачатку мужчына адмовіўся ісці ў міліцыю, але потым узяў унука на рукі і заявіў, што пойдзе толькі з ім. Тым часам аб’явілася і маці хлопчыка, дачка мужчыны. Яна, як высветлілася, таксама знаходзілася на плошчы. Утраіх яны і накіраваліся ў райаддзел. Перад будынкам мужчына аддаў дачцэ ўнука.

У той жа час праваабаронцы працягваюць настойваць на тым, што хлопчык усё ж апынуўся ў будынку РАУС на руках у дзядулі і толькі потым яго перадалі маці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?