Супрацоўнікамі ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК) па Мінскай вобласці і Мінску спынена дзейнасць нелегальнага казіно, якое размяшчалася ў адным з забаўляльных цэнтраў сталіцы.

Як паведамляе прэс-служба КДК, гульнявую залу ў прэстыжнай забаўляльнай установе ў цэнтры Мінска арандавала грамадская арганізацыя, створаная ў верасні 2010 года з мэтай папулярызацыі гульні ў покер, а таксама для выяўлення патэнцыяльна моцных гульцоў і іх удзелу ў міжнародных турнірах.

Супрацоўнікі фінансавай міліцыі ўстанавілі, што са снежня 2010 года тут не толькі адбывалася аматарская гульня ў покер, але і пачало дзейнічаць нелегальнае казіно. У зале працавала чатыры сталы для гульні ў покер. Кліенты маглі абмяняць грошы на фішкі, а затым ажыццявіць зваротны абмен. Як правіла, штодня ў гульні на грошы ўдзельнічала ад 20 да 40 чалавек, нелегальнае казіно функцыянавала шэсць дзён на тыдзень, з 22 гадзін да 6 раніцы.

Паводле інфармацыі КДК, арганізатарам нелегальнага казіно з’яўляўся старшыня грамадскай арганізацыі, якая арандавала памяшканне. Ён атрымліваў 5% ад сумы выйгрышу гульцоў. Паводле папярэдніх даных, незаконны даход 30-гадовага мужчыны склаў 84 млн. рублёў. Не выключана, што падчас следства гэта сума значна ўзрасце, адзначаецца ў прэс-рэлізе.

У дачыненні да галоўнага падазронага распачата справа па ч. 1 арт. 233 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Цяпер праводзяцца дадатковыя следчыя дзеянні з мэтай выяўлення іншых асоб, якія маюць дачыненне да арганізацыі нелегальнага казіно, паведамляюць у КДК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?