У Расіі стала шмат машын з беларускімі нумарамі. Гэта прымусіла расійскіх чыноўнікаў задумацца над праблемамі Мытнага саюза. «Шэрая» схема ўвозу аўтамабіляў з Беларусі занепакоіла Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі.
«Чалавек прыязджае ў Мінск, афармляе мясцовую рэгістрацыю, пад гэту справу купляе аўтамабіль, — апісвае схему ўвозу машын дырэктар дэпартамента аўтамабільнай прамысловасці Мінпрамгандлю Расіі Аляксей Рахманаў. — Потым ён ставіць яго на ўлік у Беларусі і спакойна ездзіць па Маскве, ні ў чым сабе не адмаўляючы». Паводле яго словаў,
набыццё аўта такім чынам выходзіць «са зніжкай у 20%».
Чыноўнік падкрэсліў: пасля адмены ўнутраных мытных межаў з Беларуссю і Казахстанам кантроль за ўвезенымі з гэтых краін аўтамабілямі становіцца немагчымым.
Па расійскіх патрабаваннях, калі аўтамабіль знаходзіцца на тэрыторыі рэгіёна больш за шэсць месяцаў, ён павінен прайсці рэгістрацыю.
«Але з улікам таго, што мытныя межы зняты, у нас няма адзнакі пра перасячэнне мяжы, таму мы не ведаем, колькі знаходзіцца на тэрыторыі Расіі аўтамабіль на сёння», —прызнаў Рахманаў.
Паводле яго меркавання, выправіць сітуацыю складана: «Мы маем справу з недаінтэграцыяй Мытнага саюза: падатковае заканадаўства не сінхранізавана з мытным. У прыватнасці, падатковае заканадаўства па-рознаму ўжываецца ў Беларусі і ў Расіі».
Дырэктар дэпартамента бачыць выйсце ў тым, каб рэкамендаваць беларускаму боку прыняць рашэнне па сінхранізацыі мытнага заканадаўства, што датычыцца аўтамабіляў.