Юры Шаўцоў заслужыўся ў прэзыдэнта.
Фота «БДГ. Деловая газета»
На ХІІІ Менскую міжнародную выставу-кірмаш «Кнігі Беларусі» прыехала велізарная расейская дэлегацыя. Расейскія выдавецтвы разьмясьціліся ў шыкоўным павільёне, дзе праходзілі сустрэчы зь пісьменьнікамі і выдаўцамі.
«Расейскі дэсант» працаваў усе дні. Ладзіліся сустрэчы з чытачамі, круглыя сталы. Прэзэнтацыя кнігі выкладчыка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юр’я Шаўцова «Аб’яднаная нацыя» з удзелам палітоляга Глеба Паўлоўскага прайшла ў Палацы Рэспублікі. Але там, дзе мерапрыемствы ладзіліся безь беларускіх арганізатараў, гледачоў было вобмаль. На сустрэчу з дэтэктыўшчыцай Палінай Дашкавай у кнігарню «Сьветач» прыйшлі дзясятак цікаўных, адзін зь якіх вельмі хацеў атрымаць аўтограф пісьменьніцы на кнізе Картасара.
На аўтарскую гадзіну зоркі інтэрнэт-рэсурсу «Русский журнал» і аўтара кнігі «Пуцін. Яго ідэалёгія» Аляксея Чадаева прыйшлі толькі два наведнікі. Выявілася, што паспалітых жыхароў краіны мала хвалюе ідэалёгія Пуціна, сваю б адужаць. Двое наведнікаў больш цікавіліся кнігай «Аб’яднаная нацыя» Шаўцова, і Чадаеў зазначыў, што ведае адно: гэтую кнігу прачытаў Лукашэнка. «Прэзыдэнту кніга спадабалася, і ён пасьля яе прачытаньня заявіў: «Усё дараваць». Стала ясна, чаму на прэзэнтацыю гэтай кнігі аддалі «дзяржаўную залю» Палацу Рэспублікі. З гэтай малой рэплікі — нават калі яна апакрыфічная — можна шмат зразумець пра функцыянаваньне сыстэмы ўлады ў Беларусі.
Ненашмат больш было ахвотных сустрэцца зь літкрытыкам Наталяй Івановай (намесьніца галоўнага рэдактара часопісу «Знамя»), празаікамі Леанідам Барадзіным (гал. рэдактар «Москвы»), Дзянісам Гуцком (ляўрэатам расейскага «Букера»). Шкада, бо гэта была ці не найбольш цікавая сустрэча. Аматары літаратуры маглі пачуць імёны пэрспэктыўных аўтараў — Захар Прылепін, Зьміцер Новікаў, Ірына Мамаева, Марыя Кучэрская. Літаратурным адкрыцьцём быў названы Герман Садулаеў, які піша на мяжы мастацкай літаратуры і нон-фікшн. «Гэта рэч пра чачэнскую вайну, напісаная знутры чачэнскай сьвядомасьці. Тое, чаго ў нашай літаратуры яшчэ не было», — казала Н.Іванова.
Ад эканомікі перайшлі на палітыку. А.Архангельскі (калюмніст «Известий») нахвальваў Віктара Пялевіна: «У яго фантазія працуе вельмі добра. Лепш, чым у нашых і вашых чэкістаў, якія нічога лепшага прыдумаць ня могуць, як зрабіць аднатыпныя фільмы з разрывам у два тыдні. Адзін — пра маскоўскі падкладны камень, другі — пра падкопы польскай выведкі».
Палітыка была ня толькі ў размовах. На сустрэчу з расейскімі літаратарамі ў Пушкінскую бібліятэку не пусьцілі кіраўніка Беларускага ПЭН-цэнтру Ўладзімера Някляева. Работнікам бібліятэкі паведамілі з абласной адміністрацыі, што паэт прыйдзе ладзіць скандал. Някляеў кажа, што мае копію падобнага ліста зь Мінадукацыі, дзе забараняецца ладзіць сустрэчы зь сябрамі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і рэкамэндуецца — зь сябрамі афіцыйнага СПБ.
Найбольш шматлюднай выйшла сустрэча з дэтэктыўшчыцай Аляксандрай Марынінай. Напярэдадні выставы ў інтэрвію беларускаму выпуску «Камсамолкі» яна заявіла, што не ўяўляе прэзыдэнта Беларусі з мастацкай кніжкай у руках, адразу дадаўшы: «Яму няма калі». З усіх расейскіх удзельнікаў выставы яна была, бадай, адзіная, хто не паказваў усім сваім выглядам, што прыехаў выступаць у правінцыю.