«Маніторынг сітуацыі на ўнутраным валютным рынку сведчыць аб прыпыненні развіцця на ўсіх яго сегментах негатыўных тэндэнцый», — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на афіцыйным сайце ведамства.

«Нацыянальны банк сумесна з урадам працягвае ажыццяўляць паслядоўныя меры, скіраваныя на стварэнне перадумоў для стабілізацыі сітуацыі і аднаўленне канверсаванасці нацыянальнай валюты ў поўным аб’ёме», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Нацбанк нагадвае, што ў пачатку 2011 года «на наяўным валютным рынку сітуацыя была досыць спакойнай і стабільнай, адзначаўся нязначны чысты попыт на замежную валюту з боку насельніцтва».

«Але ў сакавіку сітуацыя рэзка пагоршылася. Значнае павелічэнне попыту на замежную валюту з боку насельніцтва было справакавана дэвальвацыйнымі асцярогамі. Пэўную ролю ў такой эканамічнай сітуацыі сыграў і значны адток замежнай валюты на куплю грамадзянамі легкавых аўтамабіляў і іншай імпартнай тэхнікі за мяжой. У выніку чысты попыт на замежную валюту з боку насельніцтва за сакавік вырас у разы ў параўнанні з папярэднімі месяцамі і склаў у эквіваленце 768,1 млн. долараў ЗША. У гэтых умовах з мэтай захавання золатавалютных рэзерваў дзяржавы Нацыянальным банкам было прынята рашэнне аб прыпыненні інтэрвенцый на наяўным валютным рынку», — гаворыцца ў паведамленні.

У маі-чэрвені «сітуацыя на наяўным рынку адносна збалансавалася», лічаць у Нацбанку:
«Сталі павялічвацца аб’ёмы праведзеных аперацый. Пры гэтым за шэсць месяцаў 2011 года насельніцтву было прададзена банкамі ў эквіваленце 3 млрд. 331,5 млн. долараў ЗША, што на 12,6% больш, чым за аналагічны перыяд 2010 года».

Улічваючы сітуацыю, што склалася на ўнутраным валютным рынку, Нацбанк і ААТ «ААБ Беларусбанк» вырашылі пытанне аб продажы замежнай валюты на сацыяльна значныя мэты. «Цяпер ААТ „ААБ Беларусбанк“ ажыццяўляе продаж замежнай валюты фізічным асобам для аплаты сацыяльна значных расходаў (лячэнне, аплата навучання і пражывання студэнтаў, выезд у сувязі з хваробай ці смерцю сваякоў і г.д.). За май-чэрвень 2011 года ААТ „ААБ Беларусбанк“ было прададзена насельніцтву на гэтыя мэты каля 2 млн. 547 тыс. долараў ЗША ў эквіваленце», — паведамляе Нацбанк.

Адзначаецца таксама, што ў шэрагу банкаў з пачатку мая 2011 года складаецца станоўчае сальда па аперацыях куплі-продажу замежнай валюты насельніцтву. «Гэта звязана з тым, што ААТ „ААБ Беларусбанк“ мае права не прадаваць замежную валюту ў абменных пунктах, што знаходзяцца на тэрыторыі пагранічных пераходаў, а таксама з правядзеннем фізічнымі асобамі за мяжой аперацый з банкаўскімі пластыкавымі карткамі, намінаванымі ў беларускіх рублях, і залічэннем банкамі беларускіх рублёў, накіраваных фізічнымі асобамі ў пагашэнне валютных крэдытаў», — тлумачыць ведамства.

«Нацыянальны банк пастаянна праводзіць маніторынг працы абменных пунктаў, у тым ліку выкананне банкамі абавязацельстваў па продажы набытай у насельніцтва замежнай валюты, што знаходзіцца ў абменных пунктах. У выпадку выяўлення парушэнняў да банкаў прымяняюцца адпаведныя меры», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Марына Носава, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?