Былы пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны лічыць, што рэжым Лукашэнкі не пратрымаецца да канца гэтага года.

У інтэрв’ю выданню gazeta.ua дыпламат расказаў, што «для адукаванага выхаванага чалавека мяжой свабоды з’яўляецца мараль».

— Таму важна, каб маральныя прынцыпы былі здаровымі. Прывяду прыклад: у Мінску я ўпершыню ўбачыў, што салдат ударыў у твар маладую жанчыну. Яна — жонка палітвязня, выйшла на акцыю пратэсту. Стаяла моўчкі.

Уяўляю, калі б такое здарылася ў нас — яго разарвалі б на месцы, — сказаў Бяссмертны.

На пытанне аб тым, як Лукашэнку ўдавалася больш за 15 гадоў ўтрымліваць уладу, экс-пасол адказаў:

— Яму не трэба было нічога прыдумляць. Ён узяў тое, што 30 гадоў да яго працавала. У адміністрацыі прэзідэнта ёсць Цэнтральнае аналітычнае кіраванне, якое ўзначальвае старэйшы сын Лукашэнкі — Віктар. Пад ім — КДБ, міністэрствы абароны, унутраных справаў, разведка, контрразведка, усе сілавыя структуры. Пацікаўцеся, колькі кіраўнікоў вялікіх беларускіх прадпрыемстваў сядзелі ў турме? Большасць адседзелі два-чатыры гады. Гэта так званыя прафілактычныя мерапрыемствы.

Аднак, як лічыць дыпламат, палітычнай будучыні ні ў Лукашэнкі, ні ў пабудаванай ім сацыяльна-эканамічнай мадэлі няма.

— Сітуацыя вырашыцца да Калядаў, — мяркуе Бяссмертны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?