Усім гурманам беларускай кухні, аматарам японскай і тым, каму грошыкаў хапае толькі на сухія сухары, а не вёслы, –- прапануем! Сушы «Антыкрызісныя» па-беларуску і без цэнзуры.
Іх лёгка прыгатаваць у хатніх умовах, на кухні ў 4 кв. м. Але адчуванне крызісу можа памяншацца суадносна павелічэнню плошчы кухні. Тады сушы выйдуць іншыя.
Прапануем Вам класічны рэцэпт «Антыкрызісных» сушаў.
Замест нігіры возьмем скурку парсючка, можна крыху падсмажаную, з пахам дыму. Галоўнае – каб шчэці было паменей.
Рыс заменім роднай кожнаму беларусу бульбай. Можна і егіпецкай.
А начынім агуркамі ды салам – гэта бліжэй нам, чым невядома дзе злоўленая чырвоная рыба.
Сушы цырыманіяльна ўжываюць з васабі, а беларускія «Антыкрызісныя» – з цыбуляй. Ну, і сакэ замяняецца беларускім адпаведнікам.
Калі будзеце есці гэтую страву, размову трэба весці выключна пра крызіс і шляхі выхаду з яго, пра палітычную сітуацыю ў краіне, рэвалюцыю, мір і каханне.
Смачна есці!