Рэжысёр, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін 9 ліпеня стаў госцем традыцыйнай "Зорнай гадзіны" ў межах ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

У гутарцы з журналістамі ён выказаў меркаванне пра неабходнасць балансу паміж гэтак званымі касавымі спектаклямі і высокамастацкімі творамі. "Забаўляючы, захапляй — гэта не я прыдумаў. Хто сказаў, што тэатр — гэта не свята, не забава? Гэта забава. Але, у адрозненне ад літаратуры, дзе можна пісаць у стол, тэатр — гэта жывое мастацтва, мастацтва "тут і цяпер". Калі зараз і сёння ў цябе няма ў зале гледача, то можна, вядома, напісаць, што ты геній, а ўсе астатнія гэтага не разумеюць, але гледача ад гэтага не будзе", — лічыць Пінігін.

"Гэта сапраўды вельмі

складаная рэч — сумясціць цікавасць гледача і сур'ёзнасць тэатра, не апускацца да густу натоўпу, —
адзначыў рэжысёр. — Калі ставіць ідыёцкую камедыю, у цябе будзе поўная зала, а калі сур'ёзны спектакль — то не. У свеце наогул тэатр наведвае 7% насельніцтва. І з 7%, можа, паўпрацэнта людзей, якія думаюць".

Адказваючы на пытанне, чым адрозніваюцца беларускія артысты ад польскіх, з якімі яму давялося раней працаваць, Пінігін заявіў:

"У савецкія часы была канчаткова разбурана этыка працы. Акцёры ў Польшчы адрозніваюцца толькі адным: яны вельмі беражліва ставяцца да сваёй прафесіі, вельмі даражаць ёю, яны па-еўрапейску дысцыплінаваныя і добра адукаваныя.
І наогул я вельмі люблю польскі тэатр. Гэта сур'ёзная з'ява. У суседніх краінах Усходняй Еўропы такога тэатра няма".

Паводле меркавання Пінігіна,

добры рэжысёр не можа назваць артыстаў "суччынымі дзецьмі".
"Ён любіць артыстаў, гэта толькі дурні так працуюць. Яшчэ Чэхаў казаў пра артыстаў: якія дзіўныя гэта людзі, дый ці людзі яны наогул?" — адзначыў ён.

Разважаючы пра тое, якія жанры найбольш запатрабаваны ў сучасным тэатры, Пінігін сказаў:

"Вялікая бяда, што знік рэпертуарны тэатр.
Гэта была вялікая заваёва. Вы ведаеце, што Сталін пабудаваў у Савецкім Саюзе 565 дзяржаўных тэатраў? Незразумела навошта, так? Але для таго, каб існаваць у гэтых тэатрах, патрэбны вельмі складаныя тэатральныя рэформы. Гэта сур'ёзная праца, і на яе на постсавецкай прасторы пакуль ніхто не можа адважыцца, таму што гэта запатрабуе карэннай ломкі ўсёй цяперашняй тэатральнай сістэмы".
Пінігін паведаміў, што плануе паставіць спектаклі паводле твораў Уладзіміра Караткевіча і іншых беларускіх класікаў, паводле паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш".
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?