Я добра памятаю гэтую карціну па рэпрадукцыі. Але ня ведаў, ці гэта алейны жывапіс, ці графіка. Памятаю толькі яскравы вобраз палешука, які ўпэўнена крочыць усьцяж чаратоў, у якіх стаіць бусел. Няхітры, але трапны іранічны аповед пра жыхароў багністай бацькаўшчыны. Карціна «Гаспадар», напісаная маладым гадаванцам тэатральна-мастацкага інстытуту Рыгорам Таболічам, стала хрэстаматыйнаю. І вось яна, перада мною. Шмат меншага фармату, чым я чакаў. Але адчулася нешта падзабытае, свойскае... З водарам аеру, мяты й твані.

Тады, напачатку 1980-х, Рыгор Таболіч увайшоў у нашае мастацтва жывапісным трыптыхам, прысьвечаным Максіму Багдановічу. І наступныя палотны трывала асацыююцца з нацыянальна-рамантычнаю плыняю. Дзіўныя кампазыцыйныя ці ўласна жывапісныя адкрыцьці Таболіча («Стары калодзеж» ці нізка «Колеры») губляюцца.

У экспазыцыі «Вытокаў» — больш за 100 жывапісных працаў у самых розных жанрах, тэхніках і... стылях. Знайшлося месца й сьціплай інсталяцыі. Гераічнае мінулае Беларусі, любоў да землякоў і сваякоў перамяшаныя на выставе з натурмортамі, пэйзажамі, абстракцыямі. Таболіч — гаспадар усіх формаў, фарбаў і рознага кшталту цытатаў ад Пікаса і Шагала да Савіцкага й Марачкіна.

Выстава адкрываецца новым палатном «Купала і Колас у Магілёве». Народныя песьняры сярод прыхільнікаў на ганку Магілёўскага тэатру. Традыцыйны сюжэт у традыцыйным выкананьні. Карціна магла б упрыгожыць фае таго самага тэатру.

Рыгор Таболіч — стваральнік і гаспадар першае прыватнае галерэі ў Магілёве, дырэктарам якое — ягоная жонка, мастачка Марыя Таболіч. Адкрыцьцё галерэі ў 2000 г. у горадзе, дзе ўжо ёсьць і музэй Бялыніцкага-Бірулі, і галерэя імя Масьленікава, стала вялікай падзеяй.

Мастак створыць яшчэ багата розных рэчаў, што маюць шанец разьляцецца па сьвеце, услаўляючы Беларусь. Але хіба нішто не запомніцца гэтак трывала, як ягоны «Гаспадар», аповед пра двух насатых валадароў Палесься: палешука й бусла. Аповед пра тое, што творцу было насамрэч блізка й зразумела. Бяз штучнага патасу й прэтэнзіяў ахапіць неахопнае...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?