Лідэр Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч даў ацэнку ходу палітычнай кампаніі «мясцовыя выбары» і падрыхтоўцы чарговага Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

На думку Аляксандра Мілінкевіча, «любыя заявы сёньня кіраўнікоў палітычных партый аб зьняцці дэмакратычных кандыдатаў сьведчаць пра няўпэўненасьць у сілах гэтых кіраўнікоў, якія так і ня здолелі арганізаваць шырока разрэклямаванай агульнанацыянальнай палітычнай кампаніі «Мясцовыя выбары».

— На больш як 24 тысячы акругаў апазыцыйныя палітычныя партыі выставілі разам менш за 1000 кандыдатаў, але й гэтая лічба, паводле зьвестак інфармаваных людзей, завышаная ледзь ня ў два разы. У некаторых выпадках нават вядучыя палітыкі, спрабуючы зарэгістравацца, не змаглі фармальна выканаць элемэнтарныя патрабаваньні заканадаўства.

Склалася ўражаньне, што лідэры партый ня ведалі, у якіх умовах давядзецца праводзіць выбарчую кампанію. Размовы пра тое, што ўлады не друкуюць улётак, забараняюць сустрэчы, гучаць непераканаўча. Мы [Рух "За Свабоду" -- Рэд.] дзейнічалі паводле схемы: падавай заяўку, зьвяртайся да ўладаў, не дазваляюць -- шукай магчымасьці і праводзь сустрэчы.

Сёньня канстатую, што палітычную кампанію «Мясцовыя выбары» можна назваць няўдалай. Нашы прапановы – адзіная палітычная кампанія, адна каманда, адно пасланьне, адзін сцэнар – не былі падтрыманыя. Таму хто як хацеў, так у выбарах і ўдзельнічаў.

У гэтых умовах мы вымушаныя былі зрабіць тое, што магчыма – зьбіралі подпісы, сустракаліся з выбарцамі, дэмакратычным актывам у 26 гарадах Беларусі. Да дня выбараў папрацуем яшчэ ў 15 населеных пунктах. Трэба да канца выкарыстаць усе магчымасьці для інфармаваньня людзей і толькі пасьля прымаць рашэньне, здымаць ці не здымаць кандыдатаў, — адзначыў Аляксандар Мілінкевіч.

Ацэньваючы падрыхтоўку дэмакратычных сіл да Кангрэсу, Мілінкевіч зьвярнуў увагу на невыкананьне пагадненьня, падпісанага палітычнымі партыямі і зацьверджанага Палітычнай радай:

— Пагадненьне аб правядзеньні Кангрэсу, падпісанае кіраўнікамі палітычных партый і зацьверджанае Палітычнай Радай, не выконваецца па прынцыповых пытаньнях. Гэта падрывае давер як да Палітрады, так і да самога Кангрэсу. Сёньня некаторыя партыі называюць астранамічныя лічбы сваіх вылучэнцаў на Кангрэс. Журналісты пачынаюць высьвятляць -- аказваецца, што сапраўдныя лічбы ў дзясяткі разоў меншыя.

Таму падрыхтоўку да Кангрэсу пакуль можна лічыць нездавальняючай. І самае кепскае, што шэраг кіраўнікоў партый не дэманструе волі зьмяніць сытуацыю ў лепшы бок, — мяркуе лідэр Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?