Вечарам 13 ліпеня ў паўночнаірландскім Белфасце барысаўскі БАТЭ стартаваў у новым розыгрышу Лігі чэмпіёнаў. Гэта другі кваліфікацыйны раўнд самага прэстыжнага турніра старога свету.

Прыкра, што большасць беларускім балельшчыкаў трансляцыю з Белфаста пабачыць не змагла. Беларускія тэлеканалы не захацелі плаціць грошы за права паказаць матч. У інтэрнэце відэа-трансляцыі таксама не было. Заставалася сачыць толькі ў тэкставым рэжыме.

Букмекеры лічылі БАТЭ безумоўным фаварытам гульні. Не асабліва спрачаліся з гэтым і паўночнаірландцы. «Лінфілд» — флагман паўночнаірландскага футбола. Клуб станавіўся чэмпіёнам краю аж 50 разоў.

Дарэчы, цікава, што за «Лінфілд» перажываюць прыхільнікі Злучанага Каралеўства. Байцы ІРА ў шэрагах фанатаў «Лінфілда» не ходзяць.

Пачатак гульні для БАТЭ быў шакуючым. Ужо на пятай хвіліне Фарсайд галавой з лініі варатарскай лік адкрыў. Барысаўцы доўга прыходзілі ў сябе.

Адыграцца яны змаглі толькі на 38-ай хвіліне, калі пасля ўдара Скавыша рукой згуляў Армстранг. Натуралізаваны бразілец Брэсан з пенальці не схібіў — 1:1.

Пару момантаў мелі абаронцы БАТЭ Сіміч і Юрэвіч, але не хібіў варатар гаспадароў. Ірландцы таксама момантамі атакавалі някепска.

У другім тайме заўзятары так і не пабачылі забітых галоў. Нічыя — гэта не той вынік, які чакалі пабачыць беларускія заўзятары. Тым не менш, яна пакідае БАТЭ добрыя шанцы на выхад у наступны раўнд.

Матч у адказ пройдзе 19 ліпеня на гарадскім стадыёне ў Барысаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?