Аляксандар Мілінкевіч, палітык: «Уладам – сапраўдную»

Я думаю, што гэты год падкіне ўладзе сапраўдную сьвіньню. Народу – добрую. Сьвіньню, якая зьменіць сытуацыю карэнным чынам.

Вольга, эканамістка: «Сьвіньня будзе сквапная да нашых грошай»

Баюся, што сьвіньня будзе вельмі сквапная да беларускіх грошай. Яна можа зьесьці шмат якія ўклады. Бо курс можа пахіснуцца. А як пойдзе недавер да нашага рубля, дык пойдзе такая ланцуговая рэакцыя, што 90‑я гады пададуцца казкай. Так што, купляйце гіпсавыя капілкі‑сьвінкі. Могуць спатрэбіцца.

Андрэй Хадановіч, паэт: «Будзе пазытыўная сьвіньня»

У наступным годзе ў Беларусі адбудуцца радыкальныя пазытыўныя зьмены. Большасьць маіх знаёмых будзе перажываць велізарны крызіс. Большасьць знаёмых літаратараў ня будзе ведаць, на якую халеру ім займацца далей літаратурай. Бо ня будуць мець аб’ектаў для крытыкі. Яны адразу зразумеюць, што яны банальныя графаманы. Большасьць нашых знаёмых палітыкаў, апазыцыянэраў таксама зразумеюць, што яны нічога ня ўмеюць. Бо ім давядзецца браць уладу ў свае рукі, і выйдзе на паверхню іхная некампэтэнтнасьць. Нашы мастацтвазнаўцы – з тых, якія гоняць на тых, хто разбурае Менск, раптам атрымаюць карт‑блянш: зрабеце горад такім прыгожым, якім хацелася б, адбудуйце, што трэба адбудоўваць. І таксама нясоладка ім давядзецца. І гэтак далей. Вось такая будзе пазытыўныя сьвіньня.

Алесь, фінансавы работнік: «Усё будзе добра, усё ў нас працуе»

Самая галоўная сьвіньня – гэта парадаксальная сытуацыя, у якую трапіла наша кіраўніцтва. Мясцовыя эліты яго проста ненавідзяць і не падтрымліваюць. І ўжо скончаная і пахаваная саюзная дамова. Гэта вельмі складаная сытуацыя, калі няма ўнутранай падтрымкі і зьнешняй. А з эканамічным становішчам усё будзе добра, усё ў нас працуе. Людзі мы дысцыплінаваныя, сьціплыя, прывыклі да беднасьці.

Рыгор Сітніца, мастак: «Маральна падрыхтаваны да розных сьвінстваў»

Сьвіньні розныя бываюць. Бываюць брудныя, з‑пад плоту, а бывае ружовенькая, засмажаная. Так што, гледзячы якую сьвіньню мець на ўвазе. Я ўяўляю гэтую сьвіньню ў 2007‑м годзе ў выглядзе прыемнага, ружовага парсючка, якога не адразу хочацца закалоць. Ён голасна пракрычыць на ўвесь сьвет, што Беларусь жыве. Я спадзяюся, што год Сьвіньні нам прынясе прыемнае сьвінства ў выглядзе мацаваньня нашай сьвінскай дзяржавы. Гэта я жартую. А тыя сьвінствы, якія неўзабаве нас могуць чакаць, паспрыяюць умацаваньню нашага сьвінарніка. Я асабіста падрыхтаваны да розных сьвінстваў маральна. А вельмі вялікая частка нашага грамадзтва не падрыхтаваная. Сьвіньня – яна вельмі родная нам і дарагая жывёліна. І мы зь дзяцінства маем да яе вельмі добрыя адносіны. Таму ад сьвіньні я чакаю толькі дабра.

Ігар, прадпрымальнік: «Могуць пайсьці на нас «сьвіньнёй»

Могуць пайсьці «сьвіньнёй» расейцы. І наша абарона можа ня вытрымаць іхнага націску. Бо гаворка пойдзе ўжо не пра цану на газ, а пра незалежнасьць. Права застацца незалежнымі трэба даказаць. А беларусы – не прыбалты. Могуць, застаўшыся дзень бяз скваркі, такога наламаць, што дзецям і ўнукам расхлёбваць давядзецца. Страўнікам жа думаем, а не мазгамі й сэрцам.

Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр: «Ня страшна, калі ня будзе газу яе падсмажыць»

Улічваючы тое, што папярэднія гады ўсе былі сьвінскія, я спадзяюся, што 2007‑ы год проста пазбавіць беларусаў ад сьвіньні. Гэта будзе самая цудоўная «сьвіньня», якую сёлетні год можа нам падкласьці. І нават ня страшна, калі ў нас ня будзе газу, на якім мы зможам яе прыгатаваць. Мы дзеля такой нагоды вялікае вогнішча раскладзем.

Крысьціна Вітушка, стваральніца інтэрнэт‑сайту «Нашы дзеткі»: «Сьвіньня будзе зь бел‑чырвона‑белай праслойкай»

Сьвіньня будзе зь бел‑чырвона‑белай праслойкай. Засмучацца далей ужо немагчыма. Павінен прачнуцца нейкі аптымізм. Тым больш, што колькасьць натуральных беларусаў памнажаецца. Расьце колькасьць людзей, якім мова патрэбная ў розных сфэрах. Можа, не ў вышэйшых палітычных колах, можа, ня ў сфэрах грамадзкіх. Але ў побыце. А гэта важней. Што цікава, найбольшая цяга да мовы — у людзей з тэхнічнай адукацыяй, у праграмістаў, а не ў гуманітарыяў, якія зьвязаныя з мовай прафэсійна. Для іх мова была пропускам на філфакі, дзе ніжэйшы конкурс, і яны ёю не карыстаюцца па‑за працай. Яны людзі небагатыя, ім няма чым ганарыцца. А вось тэхнары ўжо могуць сабе дазволіць ня толькі прыстойнае аўто, але і мову. Лекараў усё болей сустракаецца неабыякавых да мовы. Я тлумачу гэта тым, што людзі, якія вучыліся падчас беларусізацыі па нармальных падручніках, зараз сканчаюць інстытуты. Набылі стабільнасьць у жыцьці, пэўны статус сацыяльны. І вяртаюцца да мовы.

Валеры Мазынскі, тэатральны рэжысэр: «Хопіць нам спадзявацца на сьвіньняў»

Ня ведаю. Беларусі ўжо столькі сьвіньняў падклалі, што яна павінна была б даўно зажыць няблага. Маючы столькі сала. Было б лепей, каб гэты год не сьвіньню нам падклаў, а каб воўк здох дзе‑небудзь у лесе. Таму што хопіць спадзявацца на сьвіньняў. На саміх сябе пара спадзявацца. А інакш, так і будзем увесь час у сьвінячым стане хадзіць і верашчаць. Лепш, калі мы ператворымся ў лясных дзікоў. У лесе больш волі.

Уладзімер Някляеў, паэт: «Ня ўсё так кепска»

Нічога ня здарыцца. Нават калі ўзьнімуцца кошты нафты і газу. Па сутнасьці, гэта нічога не вырашае. Бо сёньняшні рэжым усталяваўся даволі істотна. Ён запраграмаваны яшчэ, як мінімум, на пяць гадоў. Таму спадзявацца, што рэжым спатыкнецца аб гэтую «сьвіньню», не выпадае. А што тычыцца культурніцкай, пісьменьніцкай сфэры, дык тут у нас ня ўсё так кепска, як уяўляецца. Чытаючы сёньняшнія тэксты, і згадваючы тыя, што пісаліся ў 80‑я гады, яны не выглядаюць горшымі. Для мяне ня ёсьць катастрофай стварэньне нейкіх новых саюзаў. Ідзе барацьба людзей за выжываньне. Што такое мастацтва? Гэта ўнутраная, магічная цяга чалавека да адкрыцьця тайны ў самім сабе. Празь літаратуру ў тым ліку. І таму ўсё будзе залежаць ад таго, што напішуць Арлоў, Хадановіч, Разанаў, Барадулін. Гэтым будзе ўсё вызначацца. З таго, што ёсьць істотным, нічога ня можа прапасьці. І нават не таму, што яно напісанае. А таму, што на істотным трымаецца жыцьцё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?