Далейшы фармат акцый маўклівага пратэсту будзе вызначацца зыходзячы з пажаданняў саміх удзельнікаў,
заявіў БелаПАН адзін з ініцыятараў інтэрнэт-супольнасці «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Вячаслаў Дзіянаў.

«Людзі чакаюць новага фармату акцый — такога, які б іх задавальняў.

Мы змянілі ўчора фармат акцыі ў Мінску для бяспекі людзей, якія прасілі зрабіць так, каб было менш затрыманняў. Мы да гэтага прыслухаліся, і ўчора затрыманняў было значна менш, чым раней. Думаю, што фармат наступнай серады таксама будзе залежаць ад пажаданняў тых людзей, якія нам пішуць», — сказаў Дзіянаў.

Пры гэтым ён падкрэсліў: ацэнку паспяховасці ініцыятывы «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» неабходна рабіць не толькі на аснове колькасці ўдзельнікаў пратэсту. Так, адзначыў Дзіянаў, на ўчарашнюю акцыю не змаглі прыйсці людзі, якія адбываюць 10-сутачныя, 15-сутачныя арышты за ўдзел у папярэдніх акцыях маўклівага пратэсту.

«Многія былі аштрафаваны, і чакаюць, пакуль мы дапаможам ім выплаціць гэтыя штрафы, — дадаў Дзіянаў. — Мы пастаянна працуем з нашымі карыстальнікамі для абмену інфармацыяй, збіраем сродкі для выплаты штрафаў і для дапамогі тым, хто сядзіць». Паводле слоў арганізатара інтэрнэт-супольнасці,

сабрана ўжо больш за 20 млн. рублёў.
«Сродкі перададзены праваабаронцам. Усім тым, хто звярнуўся па дапамогу з выплатай штрафу, дапамаглі», — сказаў Дзіянаў.
«Калі гаварыць пра акцыі ў цэлым, то яны паспяховыя», — лічыць ён.

***

Нагадаем, учарашняя акцыя маўклівага пратэсту была ўжо сёмай па ліку. У Мінску яна праводзілася ў новым фармаце. Удзельнікам было прапанавана сабрацца ў шасці буйных гандлёвых цэнтрах, размешчаных у розных мікрараёнах горада, а затым накіравацца да найбліжэйшай станцыі метро, даехаць да плошчы Перамогі, Нацыянальнай акадэміі навук і рухацца насустрач адзін аднаму, не пляскаючы, як гэта было падчас папярэдніх акцый, каб не правакаваць міліцыю. У выніку дзве групы людзей, якія ішлі насустрач адзін аднаму, сустрэліся на плошчы Якуба Коласа. Акцыя завяршылася ў 20.00 звонам будзільнікаў на мабільных тэлефонах, пасля чаго пачалася актыўная фаза затрыманняў.

Затрыманні традыцыйна праводзілі людзі ў цывільным. Намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў асабіста прысутнічаў на плошчы Якуба Коласа і назіраў за падзеямі.

Паводле даных праваабаронцаў, у Мінску затрымана 25 чалавек, па ўсёй краіне — прыкладна 100. Частку затрыманых, у тым ліку журналістаў, праз некалькі гадзін адпусцілі, на астатніх складзены пратаколы на падставе артыкула 17.7 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства). Сёння над імі павінны прайсці суды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?