Уладальніцай Гран-пры ХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2011», які праходзіў на юбілейным Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», стала Алёна Ланская з Беларусі.

На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу, якая адбылася сёння ў Віцебскай абласной філармоніі, Алёне Ланской быў уручаны «Гран-пры» ў памеры $15 тыс., спецыяльны прыз «Ліра», а таксама дыплом уладальніка «Гран-пры» ХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2011». Першую прэмію журы пад старшынствам міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі прысудзіла артысту Данецкага нацыянальнага акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра Уладзіміру Квасніцу. Яму дасталіся $9 тыс., спецыяльны прыз «Ліра» і дыплом лаўрэата (уладальніка I прэміі).

Другую прэмію ў памеры $6 тыс. падзялілі студэнтка Літоўскай музычнай акадэміі, тэлевядоўца Рута і кампазітар, піяніст з Чэхіі Давід Дэйл. Яны атрымалі спецыяльныя прызы «Ліра» і дыпломы лаўрэатаў ХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2011» (уладальнікаў II прэміі).

Спявак Алішэр Карымаў з Казахстана і кіраўнік эстрадна-вакальнай студыі з Малдовы Крысціна Скарлат падзялілі трэцюю прэмію ў памеры $3 тыс. Яны таксама атрымалі спецыяльныя прызы «Ліра», дыпломы лаўрэатаў юбілейнага конкурсу — уладальнікаў III прэміі.

Спецыяльная прэмія імя Уладзіміра Мулявіна за найлепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства была ўручаная Дайнісу Скутэлісу (Латвія).

У юбілейным конкурсе бралі ўдзел 20 выканаўцаў з 20 краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0