Старшыня таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч звярнуўся з адкрытым лістом да міністра культуры Паўла Латушкі. Нагодай для гэтага сталі падзеі ў Пінску, дзе мясцовыя ўлады санкцыянавалі знос гістарычнай забудовы.
“Шаноўны Павел Паўлавіч!
У адпаведнасці з Вашым даручэннем 05.07.2011 г. адбылося выязное пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, на якім былі прыняты рашэнні аб вывадзе з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў дамоў на вул. Іркуцка-Пінскай дывізіі, 2, вул. Завальнай, 27 і аб зносе з умовай аднаўлення на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Пінска дому па вул. Першамайскай, 34.
Дадзенае рашэнне ў чарговы раз прынята навукова-метадычнай радай з грубейшымі парушэннямі дзеючага заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Так, рашэнне аб пазбаўленні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці двух гісторыка-культурных аб’ектаў парушае п. 3 арт. 23 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадыяны Рэспублікі Беларусь”, які гаворыць, што Матэрыяльныя аб’екты i нематэрыяльныя праяўленнi творчасцi чалавека Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь могуць быць пазбаўлены статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ў выпадку страты iмi iх адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей, якiя абумовiлi наданне iм статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, а таксама ў выпадку iх знiшчэння, страты цi знiкнення ў вынiку ўздзеяння прыродных фактараў або iншых сiтуацый пры немагчымасцi iх аднаўлення.
Навукова-метадычная рада ў дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцей па вул. Іркуцка-Пінскай дывізіі, 2 і па вул. Завальнай, 27 пры пазбаўленні іх статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці кіравалася, па-першае, іх тэхнічным станам, што незаконна, па-другое, пракладкай новай магістралі ў гістарычным цэнтры Пінска. Гістарычны цэнтр Пінска сам па сабе з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2-й катэгорыі, дзе пад аховай дзяржавы знаходзяцца не толькі будынкі і збудаванні, але і самы галоўны кампанент гістарычных цэнтраў, як комплексных гісторыка-культурных каштоўнасцяў – гістарычная планіровачная структура, якая пабудовай новай магістралі будзе парушана, і дзеля гэтага парушэння, не “заўважанага” ні ўпраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі, ні навукова-метадычнай радай, праводзіцца узгадненне аб дэмантажы помнікаў. Гэтае рашэнне было прынята, каб “узаконіць” яшчэ адно парушэнне.
Практыка ўзгадненняў з парушэннямі заканадаўства з боку навукова-метадычнай рады і ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны сталі сістэматычнымі, пра што неаднаразова паведамлялася Вам Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры. Пра гэтую праблему была гаворка на нарадзе з Вашым удзелам 27.06.2011 г. на прыкладзе рашэнняў навукова-метадычнай рады ад 02.06.2011 г., якія таксама ў чарговы раз былі прыняты з парушэннямі нарматыўна-прававых актаў у сферы аховы спадчыны.
Дарэчы, супрацоўнікі ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі ўжо сістэматычна ігнаруюць не толькі заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі, але і ў сферы дакументазвароту і ігнаруюць нават Вашыя даручэнні. Так да гэтага часу Вашымі падначаленымі не забяспечаны адказы на звароты ГА БДТАПГК ад 05.05.2011 г. № 64 і ад 30.05.2011 г. № 79 аб разглядзе ў выкананні рашэння Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны праекта аднаўлення Мінскага замчышча, які распрацаваны спецыялістамі Таварыства навукова-метадычнай радай, і аб неадпаведнасці С.Багласава пасадзе навуковага кіраўніка гістарычнага цэнтра Мінска. Да гэтага ж часу не прадстаўлены адказ на ліст, накіраваны на Вашае імя ад 07.06.2011 г. № 80, па зместу якога і адбывалася вышэйназваная нарада 27.07.2011 г. І, адпаведна, не прадстаўлена інфармацыя, як супрацоўнікамі упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны праводзіцца выкананне Вашых даручэнняў па выпраўленню сітуацыі з неправавымі рашэннямі рады ад 02.06.2011 г. па архітэктурна-планіровачнаму рашэнню дваравой забудовы былога бернардынскага кляштара ў Мінску і па перабудове аднаго з будынкаў Бабруйскай крэпасці пад культавую пабудову, што робіцца з поўным ігнараваннем дзеючага заканадаўства.
Паважаны Павел Паўлавіч!
Ужо, на жаль, у Міністэрстве культуры склалася вельмі негатыўная тэндэнцыя татальнага невыканання заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. І, як гэта ні прыкра, дадзеная тэндэнцыя ўзмацняецца на фоне Вашых рэгулярных афіцыйных заяваў, у якіх ахова спадчыны называецца прыярытэтным накірункам працы ўзначальваемага Вамі міністэрства. Складваецца ўражанне аб непераадольным разрыве паміж Вашымі словамі і, спадзяюся, жаданнямі і практыкай, дзе намеснік міністра культуры В.І.Кураш, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны І.М.Чарняўскі свядома прыкладаюць усе намаганні, каб здыкрэдытаваць Вас асабіста, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дзяржаўную палітыку ў сферы аховы спадчыны, а разам з ёй і ўсю беларускую дзяржаву з дзейснай сучаснай адміністрацыяй.
Навукова-метадычная ж рада, як кансультатыўны орган не выконвае свае задачы ў межах заканадаўства. Яна пераўтварылася ў орган узаконьвання магчымых і немагчымых парушэнняў, нават знішчэння помнікаў. Крэдыт грамаджскага даверу да рады даўно вычарпаны. Не дапамаглі захады па абнаўленню склада рады, што падцвярджаецца апошнімі рашэннмі.
Усе недахопы, усе парушэнні – гэта Ваша персанальная адказнасць, як міністра культуры, адказнасць юрыдычная, адказнасць, самае галоўнае, маральная. Таму заклікаю Вас у чарговы раз, да навядзення прававога парадку ў працы ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі, Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны.
Просім Вас аб прыцягненні Вашага намесніка В.І.Кураша, начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі І.М.Чарняўскага за невыкананне сваіх абавязкаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, за невыкананне нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць дакументазварот, аб забеспячэнні адказаў па сутнасці на звароты ГА БДТАПГК. І галоўнае, аб пераглядзе апошніх рашэнняў навукова-метадычнай рады па Бабруйскай крэпасці, былому бернардынскаму кляштару ў г. Мінску, будынкам у гістарычным цэнтры Пінска”.