Да разгляду касацыйнай скаргі былому супрацоўніку міліцыі Аляксандру Класкоўскаму, аднаму з фігурантаў справы аб масавых беспарадках, забаранілі званіць сваякам. Пра гэта паведаміла яго жонка Наталля.
Апошні раз з мужам яна размаўляла 4 ліпеня. Некалькі дзён таму Аляксандр павінен быў патэлефанаваць, але званка так і не было.

Сама Наталля даведалася пра такое абмежаванне ад знаёмага мужа, які пазваніў ёй па яго просьбе з калоніі ў Шклове. Растлумачыць прычыну забароны ён не змог. Нагадаем, разгляд касацыйнай скаргі Аляксандра Класкоўскага павінен адбыцца ў Мінскім гарадскім судзе 19 ліпеня.

Адказваючы на распытванні Наталлі аб стане мужа, суразмоўца сказаў, што ў калоніі «прэсуюць хлопцаў», праўда, канкрэтызаваць свае словы адмовіўся. Але Класкоўскі, паводле яго слоў, «трымаецца малайцом».

Наталля таксама паведаміла, што лісты мужа да яе не даходзяць, як і яе лісты да яго. Пра гэта ёй паведаміў усё той жа чалавек, які званіў.

Аляксандр Класкоўскі абвінавачваўся на падставе ч. 1 і ч. 2 арт. 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады) і арт. 382 КК (самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы). 26 мая суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?