Аўтарытэтны ўкраінскі штотыднёвік "Зеркало недели" ў чарговым нумары прадоўжыў расследаванне дыпламатычнага скандала паміж Мінскам і Кіевам.

Як паведамлялася раней, паводле інфармацыі крыніцаў выдання ў Кабінеце міністраў Украіны, у чэрвені адбылася высылка двух супрацоўнікаў пасольства Украіны ў Беларусі — аташэ па пытаннях абароны і ваеннага аташэ. У адказ Украіна выслала ваеннага аташэ Беларусі Андрэя Каюка.

Згодна з адной з версій, высылкай дыпламатаў Мінск адрэагаваў на адказ прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча на абвінавачанні Аляксандра Лукашэнкі ў "вашывасці". Украінскі прэзідэнт вырашыў перадаць адказ праз прэм'ера Мікалая Азарава, які 19 мая знаходзіўся ў Мінску. "Сутнасць адказу невядомая. Але ён выклікаў негатыўную рэакцыю беларускага прэзідэнта і прывёў да высылкі ўкраінскіх дыпламатаў", — паведамляе выданне, зазначаючы, што "на факце высылкі ваенных дыпламатаў не акцэнтавалі ўвагу ні беларускі, ні ўкраінскі бакі".

Рэзкія выказванні ў адрас кіраўніцтва Украіны і ЕС Лукашэнка зрабіў 26 красавіка падчас наведвання Нароўлі (Гомельская вобласць). У прыватнасці, на пытанне, чаму ён не прысутнічаў ва Украіне на мерапрыемствах, прысвечаных 25-годдзю аварыі на ЧАЭС, Лукашэнка параіў звярнуцца па адказ да Віктара Януковіча: "Вы задайце гэтае пытанне Януковічу — чаму беларускі прэзідэнт не прысутнічае на іх мерапрыемствах. — Гэта вы ў іх спытайце. На жаль, вашывасці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Украіны. Напрошвацца я ні да каго не збіраюся. І быць нейкім падпявалам я таксама не збіраюся ні ў аднаго прэзідэнта, ні ў другога".

Афіцыйныя асобы скандал практычна не каментуюць, а беларускі бок адмаўляе факт высылкі Каюка.

Паводле інфармацыі "Зеркала недели", прычына высылкі ўкраінскіх дыпламатаў "больш празрыстая, але не менш скандальная". "На працягу апошніх чатырох месяцаў з Украіны за шпіянаж былі высланыя два ваенныя аташэ Рэспублікі Беларусь. Характэрна, што паміж спецслужбамі краін СНД існуе дамоўленасць не весці разведвальную дзейнасць адзін супраць другога. Але Мінск (зрэшты, як і Масква) не прытрымліваецца гэтага пагаднення. Напрыклад, карыстаючыся тым, што асобныя несвядомыя ўкраінскія грамадзяне часта правозілі цераз украінска-беларускую мяжу незадэклараваныя блокі цыгарэт, беларусы актыўна вербавалі ўкраінцаў. Адносна гэтага ўкраінскае МЗС не раз безвынікова перадаваў ноты беларускаму боку", — піша выданне.

"Пасля рашэння Кіева мела месца рэакцыя беларускіх уладаў у адказ: з Мінска былі высланы два ўкраінскія ваенныя дыпламаты — аташэ па пытаннях абароны і ваенны аташэ, — паведамляе штотыднёвік. — У свеце дыпламатыі дзейнічае прынцып узаемнасці. Але беларусы выйшлі за межы правілаў, прынятых у цывілізаваным свеце. Мінску падалося мала абвясціць непажаданымі персонамі ўкраінскіх ваенных дыпламатаў. Беларускай контрразведкай быў разыграны "спектакль", які павінен быў дыскрэдытаваць украінскіх афіцэраў. І ў канцы мая апошні супрацоўнік ваеннага аташэ пасольства Украіны быў вымушаны на працягу 24 гадзін пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь".

На думкую газеты, мяркуючы па паводзінах Мінска і Кіева, нягледзячы на дзеянні беларускай контрразведкі, шпіёнская гісторыя не будзе мець сур'ёзных наступстваў. "Бакі, нягледзячы на існуючыя праблемы, не хочуць узмацняць канфлікт. Бо публічныя шпіёнскія скандалы не праходзяць бясследна для двухбаковых адносінаў… Кіеў і Мінск хочуць захаваць магчымасць дыялогу. Для бакоў ён уяўляецца тым больш важным, калі ўлічыць цяжкую сітуацыю, у якой апынулася Беларусь і тое, што ад новага ўкраінска-беларускага канфлікту выйграе толькі Крэмль", — мяркуе выданне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?