Вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях замежнай палітыкі і бяспекі, віцэ-прэзідэнтка Еўракамісіі Кэтрын Эштан 16 ліпеня выступіла з заявай, у якой асудзіла затрыманні ўдзельнікаў акцый маўклівага пратэсту ў Беларусі.

Кэтрын Эштан выказвае шкадаванне ў сувязі з «паўторнымі брутальнымі дзеяннямі беларускіх улад у дачыненні да маўклівых пратэстоўцаў — простых беларускіх грамадзян, якія мірна і законна выказваюць сваю незадаволенасць сітуацыяй у краіне». «Многія з іх падвергнуты жорсткаму абыходжанню з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, аштрафаваны або прыгавораны да адміністрацыйнага арышту на падставах, што выклікаюць пытанні», — заявіла прадстаўнік ЕС.

Яна заклікала ўлады краіны «паважаць правы беларускага народа, уключаючы свабоду выказвання і сходаў, вызваліць і зняць усе абвінавачанні ў дачыненні да арыштаваных і асуджаных», а таксама «неадкладна і без умоў вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных».

Паводле даных праваабаронцаў, падчас акцый маўклівага пратэсту, якія праходзяць у Беларусі з чэрвеня па серадах (яшчэ адна адбылася ў нядзелю, 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці), было затрымана прыкладна 1.800 чалавек, у тым ліку ў Мінску — больш за тысячу. Частка адпушчана без складання пратаколаў, частка — аштрафавана або арыштавана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?