У мінулыя выходныя у Вене быў пахаваны Ота фон Габсбург — сын апошняга імператара Аўстра-вугорскай імперыі.

Выбітны грамадскі дзеяч і палітык, Габсбург пражыў доўгае і насычанае жыццё, будучы журналістам, дэпутатам еўрапейскага парламента і актыўным прыхільнікам еўрапейскай інтэграцыі. У тым ліку актыўным адвакатам інтарэсаў усходняй Еўропы. Габсбург выдатна валодаў вугорскай моваю, у пачатку 90-х атрымаў вугорскі пашпарт і апекваў другую частку былой імперыі гэтаксама, як і Аўстрыю. У Вугоршчыне, паводле традыцыі дома Габсбургаў, будзе пахаванае ягонае сэрца.

Беларускія манархісты лічуць Габсбургаў, нашчадкаў Ягайлавічаў, спадкаемцамі кароны Вялікага княства Літоўскага. Сыходзячы з гэтага, юрыдычна Ота фон Габсбург мог бы быць і нашым вялікім князем таксама.

«Апошнім Габсбургам» яго назваць немагчыма — яшчэ некалькі гадоў таму ён перадаў старшынства ў доме Габсбургаў свайму старэйшаму сыну Карлу. Хутчэй гэта быў першы за 800 гадоў Габсбург без трону — але якому, як і баўгарскаму прэм'ер-міністру і цару Сімеону, гэта не перашкодзіла ўвайсці ў гісторыю краінаў свайго рэгіёну выбітным дзеячам.

Дзеці Габсбурга займаюць ці займалі месцы ў парламентах некалькіх краінаў Еўропы. Цікавы факт:

дачка Ота фон Габсбурга Габрыела вывучыла грузінскую мову, атрымала грамадзянства Грузіі і з’яўляецца амбасадарам Грузіі ў Нямеччыне,
бачачы сваёй місіяй дапамагчы вяртанню ў Еўропу гэтай постсавецкай краіны. Грузінскі прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі прысутнічаў сярод ганаровых гасцей на пахаванні Ота фон Габсбурга.

Аўстрыйская тэлевізія прысвяціла доўгі тэлеэфір жыццю Габсбурга — калі валодаеце нямецкаю і маеце трохі часу, можаце паглядзець тут.

Падзеі, як каралеўскае вяселле ў Брытаніі ці пахаванне Ота фон Габсбурга ў Аўстрыі, яшчэ і яшчэ раз яўляюць нам жывыя неперарваныя традыцыі.

Перадусім гэта традцыі, увасобленыя ў людзях і інстытутах — скажам, сярод прысутных на пахаванні можна пабачыць рыцараў крыжацкага каталіцкага Мальтыйскага ордэна, які з вайсковай арганізацыі даўно ператварыўся ў дабрачынную, не згубіўшы моцнага рэлігійнага стрыжаню, і вельмі актыўна дзейнічае ў сучасных Аўстрыі і Нямеччыне. Ганаровай вартай вакол труны Габсбурга на памінальнай імшы стаялі альпійскія стралкі — гэткі аўстрыйскі аналаг ўкраінскага ці расійскага казацтва. Традыцыі ў стагоддзямі адточаным цырыманіяле, у аснове якога — тысячагадовая неперарваная лучнасць пакаленняў, якое ў Аўстрыі не змагло быць парушана нават дваццатым стагоддзем з яго нігілізмам, сацыялізмам і нацызмам.

На пахавальным набажэнства Габсбурга ў зборы Святога Штэфана ў Вене быў выкананы гімн Аўстра-вугорскай імперыі. Цікава, што на яго мелодыю быў таксама пакладзены сучасны гімн Нямеччыны:

Усё гэтага пазбаўленая сучасная Беларусь. Пазбаўленая нават больш, чым многія іншыя краіны СНД. Хаця што нас, на жаль, тут яднае з пераважнай большасцю краінаў постсавецкіх краінаў — гэта вылезлыя пасля падзення савецкай улады нігілістычныя клептакратычныя аўтарытарныя рэжымы, дзе несумленныя тыраны-прайдзісветы называюць сябе «прэзідэнтамі», а сходкі сваіх сатрапаў — «парламентамі», будучы па сваіх асабістых якасцях куды горшымі за былых валадароў еўрапейскіх імперый — «вязніц народаў».

Шматвекавыя традыцыі — гэта тое, што нам неабходна па кропле адраджаць, па кавалачку вызваляць з-пад савецкага і лукашэнкаўскага асфальта,
з-пад уласнага бяспамяцтва, калі падчас пары толькі нашыя прозвішчы захаваліся як помнік старадаўняй гісторыі Беларусі-Літвы. Усё гэта трэба вяртаць і ствараць наноў дзеля будучых пакаленняў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?