Двух хлопчыкаў, якія танулі 17 ліпеня ў рэчцы Рыбчанка, што каля вёскі Сычавічы Маладзечанскага раёна, выцягнуў з вады 17-гадовы Аляксей Козел, жыхар Гранічаў.
Справа была так: два хлопчыкі 15 і 12 гадоў і 12-гадовая дзяўчынка, жыхары Мінска і Мінскага раёна, на канікулах адпачывалі ў бабуль і дзядуляў. У нядзелю пайшлі гуляць на Рыбчанку. Дзеці вырашылі перайсці рэчку праз апушчаныя шлюзы дамбы.
Меншы хлопчык не ўтрымаўся на нагах, паслізнуўся і ўпаў у ваду. Большы кінуўся яго ратаваць,
але выплыць не маглі ні адзін, ні другі. Дзяўчынка, якая засталася на шлюзе, пачала крычаць і клікаць на дапамогу. Людзі, якія адпачывалі на беразе, пазванілі выратавальнікам, а адна дзяўчына патэлефанавала свайму знаёмаму Аляксею Козелу, які знаходзіўся ў Сычавічах.
Ужо праз тры хвіліны Аляксей, які прыімчаўся хутчэй за ратавальнікаў, быў на месцы і выцягнуў з вады пацярпелых.
Цяпер іх жыццю нічога не пагражае.