Калі зьменіцца ўлада, многія зьдзівяцца, колькі ў нас талентаў дзяржаўнага маштабу. І як можна было столькі гадоў трываць панаваньне шэрасьці. Падкіданая ж сёньня тэза аб "падтрымцы ўлады ў цяжкую хвіліну" правакуе дзіцячае пытаньне: а як? І сьмешна чуць высьвятленьні, хто ў нас большы незалежнік.
Прафэсар Заіка намацаў трапную фармулёўку: "Трэцi прэзiдэнцкi тэрмiн Лукашэнкi беларусы аплоцяць з уласнай кiшэнi...".
Фраза экспэрта выдатна дапаўняе кантэкст спрэчкі пра падтрымку/непадтрымку дзейнае ўлады ў яе супрацьстаяньні з Крамлём. Калі ласка, можна падтрымліваць, покуль пуп не разьвяжацца, але памятайма: мы мусім яшчэ і даплочваць за тое, што гэтая кіроўная каманда ўцягнула краіну ў экстрым!
...Вось толькі ня трэба гэтай дзіцячай пясочніцы з высьвятленьнем, хто тут большы патрыёт ды незалежнік, добра?
Зрэшты, тэза пра падтрымку кіроўных вярхоў правакуе менавіта дзіцячае пытаньне: а як?
Нешта не відно, каб апанэнтам улады раздавалі партфэлі ды кабінэты, нават проста далі спакойна працаваць. Маўляў, забудзьма старое, падключайце свае мазгі, пачынайма разам выкарасквацца з сытуацыі!
Што застаецца? Дружна прагаласаваць за праўладных кандыдатаў на чарговых выбарах? Капаць зямлянкі? Зладзіць пэрформанс, адначасна паказаўшы Пуціну ў тэлевізары дулі?
Што ж да вэрбальнага змаганьня за незалежнасьць, то апанэнты рэжыму трымалі яго і тады, калі наверсе заклікалі зьліцца з Расеяй у экстазе.
Так што не вучыце дзядулю кашляць!
Цяперашняя спрэчка нагадвае дыскусіі вакол ролі Сталіна. Маўляў, хоць і народнай крыві пусьціў багата, але ж затое ўратаваў ад Гітлера!
А мо' без палітыкі Сталіна ўвогуле не было б той вайны? Ці, ва ўсякім разе, не было б такіх жахлівых стратаў?
Можна таксама пачуць: ну зірнеце на нашу апазыцыю — хіба яны б кіравалі лепей?
Фактычна паўтараецца тэза афіцыйнай прапаганды: купка нікчэмнасьцяў пнецца зваліць тытана.
Тады ўжо варта пасьлядоўна ліць ваду на той млын. Казаць, што ня толькі Расея імпэрская, але і Захад хцівы ды вераломны. І што калі Беларусь — дзяржава з рахманым народам, які нікому вока не запарушыў, — апынулася на нажах з паловай сьвету, дык гэта рота ідзе не ў нагу, а наш паручнік — канешне ж, у нагу!
Што ж да "непрывабнай апазыцыі", то проста ня варта зацыклівацца на старой калодзе. Калі зьменіцца ўлада, многія яшчэ зьдзівяцца, колькі ў нас талентаў дзяржаўнага маштабу. І як можна было столькі гадоў трываць панаваньне шэрасьці.
Не выпадкова вярхі імкнуцца ўсе выбарчыя кампаніі, кажучы кампутарнай мовай, мінімізаваць у сыстэмны латак. Наверсе ня хочуць лішні раз нагадваць народу, што ўлада апрыёры падлягае ратацыі.
Між тым яе трэба рэгулярна мяняць без аніякіх дыскусіяў — як ваду ў басэйне. Бо іначай сьмярдзець будзе.