Міжнародны этнафестываль «Вольнае паветра» адбудзецца 27 жніўня на хутары Шаблі (вёска Малое Запруддзе Валожынскага раёна Мінскай вобласці), паведамілі ў прэс-службе фестывалю.

Мерапрыемства планавалася на 2 ліпеня, аднак арганізатары перанеслі дату яго правядзення на канец жніўня «з-за недахопу супрацоўнікаў міліцыі», якія былі задзейнічаны ў забеспячэнні бяспекі ў Мінску 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці.

«Атрыманыя ўсе неабходныя дазволы мясцовых улад, праваахоўных органаў, — цытуе прэс-служба арганізатара мерапрыемства Уладзіміра Шаблінскага. — Дасягнутыя дамоўленасці з усімі неабходнымі тэхнічнымі і бытавымі службамі. Так што гледачы ўжо могуць планаваць сваю паездку на фестываль.

Білеты ўжо ў продажы».

***

«Вольнае паветра» збярэ паўтара дзясятка беларускіх і замежных артыстаў, якія спалучаюць этна з сучаснымі музычнымі тэндэнцыямі. Характэрна тое, што ўсе замежныя выканаўцы наведаюць Беларусь упершыню. Сярод іх «Бадзьян Сауна Сістэм» (Украіна), «Комба-бакх» (Расія), DJ Wojcio (Польшча), а таксама Shazalakazoo (Сербія) і Sovijus (Літва). Свае этнамузычныя эксперыменты прадэманструюць беларускія гурты «Нагуаль», Gurzuf, Morfe Acoustic Band, а таксама шэраг дзіджэяў.

Як раней паведамляла прэс-служба фестывалю, для гасцей абсталёўваюць кінатэатр пад адкрытым небам, яны таксама змогуць паўдзельнічаць у розных гульнях і забавах. Акрамя таго, на мерапрыемстве будзе арганізаваны паўнацэнны сэрвіс — «ад туалетаў да харчавання і палатачнага гарадка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?